У Вербную нядзелю расейцы нанеслі ракетны ўдар па цэнтры ўкраінскага гораду Сумы. У выніку больш 30 загінулых, шмат пацярпелых.

Фота: t.me/dsns_telegram
Кіраўнік АВА Уладзімір Арцюх паведаміў, што ўдар нанеслі дзвюма ракетамі, цэлячыся па грамадзянскіх, каб паразіць як мага больш людзей. Адзін удар адбыўся побач з тралейбусам з пасажырамі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі паведаміў, што зараз у горадзе праводзіцца выратавальная аперацыя, усе службы працуюць.
Паводле дадзеных украінскай выведкі, злачынны ўдар па Сумах 13 красавіка дзвюма балістычнымі ракетамі тыпу «Іскандэр-М» нанеслі расейскія разлікі 112-ай і 448-ай ракетных брыгад з тэрыторыі Варонежскай і Курскай абласцей. Кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак паведаміў, што ракеты былі з касетнымі боепрыпасамі. Ён сказаў: «Чарговае ваеннае злачынства Расеі – удар балістыкай па Сумах, забойства цывільных украінцаў. Многія людзі ішлі ў царкву на Вербную нядзелю, нехта вяртаўся з набажэнства дадому. Наша агульная справа – зрабіць так, каб ніводзін ваенны злачынца – ад тых, хто даваў загады, да тых, хто запускаў ракеты, – не пазбег пакарання», – сказаў Ярмак.
Сёння ў выніку расейскага ракетнага ўдару па Сумах у цэнтры горада загінуў 31 чалавек, з іх двое дзяцей.