Пікет у падтрымку зняволеных праваабаронцаў «Вясны» прайшоў 14 ліпеня ў цэнтры Вільні, на пляцы Вінцаса Кудзіркі.

У акцыі бралі ўдзел больш за 20 беларускіх актывістаў з плакатамі грамадскай кампаніі #FreeViasna і бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сцягамі, а таксама партыйнымі сцягамі АГП і «Народнай грамады».
«Гэта штогадовая акцыя салідарнасці, мэта якой — шырокае інфармаванне грамадскасці Літвы пра ганебную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, дзе нават лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру трымаюць за кратамі», — сказаў Свабодзе прадстаўнік «Вясны» Павел Сапелка.
Паводле Сапелкі, які разам з калегамі цяпер працуе ў выгнанні ў Літве, грамадскасць свету актыўна спрабуе паспрыяць вызваленню Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў Уладзя Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Пытаньне ў тым, каб урады дэмакратычных краінаў прыкладалі дзеля гэтага больш намаганняў, мяркуе Сапелка.

«Праваабарончыя арганізацыі, грамадскія ініцыятывы ўвесь час трымаюць гэтае пытанне ў парадку дня. Але, на жаль, гэтых намаганняў, як бачым, недастаткова. Мяркую, больш жорсткую пазіцыю мусяць займаць урады дэмакратычных краінаў, каб аказваць на беларускі рэжым такі ціск, які прывядзе да вызвалення праваабаронцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячоў».
За год, што мінуў ад леташняга пікету салідарнасці з вясноўцамі, выйшаў на волю валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк.
Гэта адбылося сёлета ў красавіку, а ўжо ў траўні праваабаронца мусіў з’ехаць з Беларусі, асцерагаючыся новых рэпрэсіяў. Пра тое, як іншыя зняволеныя вясноўцы трымаюцца ў вязніцах, паводле Паўла Сапелкі, інфармацыі вельмі мала.

«З таго мінімуму, які даходзіць, ведаем пра Алеся Бяляцкага — што ўзніклі праблемы са здароўем. Пра Уладзя Лабковіча і Валянціна Стэфановіча асаблівых навінаў няма — адбываюць пакаранне ў калоніях, працуюць. На волі іх чакаюць сем’і, дзеці. Марфа Рабкова перанесла ў зняволенні аперацыю, стан яе здароўя патрабуе неадкладнага вызвалення. Мы вельмі спадзяемся, што сумесныя намаганні дзеля вызвалення нашых калегаў дадуць добры вынік», — сказаў Павел Сапелка.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» працягвае грамадскую кампанію за вызваленне сваіх калегаў. Паводле праваабаронцы Канстанціна Старадубца, гэтаму спрыяюць грамадскія арганізацыі свету, у тым ліку Нобелеўскі цэнтр міру.
«У Нобелеўскага цэнтру няма юрыдычных вагароў уплыву. Адзінае, што яны могуць, — уплываць на ўрады, у тым ліку на ўрады Нарвегіі і Швецыі, каб праз палітычны ціск спрыяць вызваленню лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Мы разам праводзім пэўныя акцыі салідарнасці. Гэтак, у нас падрыхтаваная выстава, прысвечаная Алесю і ўсім зняволеным вясноўцам, якая ўжо пабывала ў шмат якіх краінах. Плануем 25 верасня, калі будзе дзень народзінаў Алеся, паказаць гэтую выставу ў Швецыі. Мяркую, гэта будзе важная сімвалічная падзея, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу да постаці Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў-вясноўцаў», — расказаў Канстанцін Старадубец.






