Другі раўнд Стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі адбыўся ў Вільні. Па выніках дыялогу амбасада ЗША ў Беларусі апублікавала інфармацыйнае паведамленне для прэсы.
У паведамленні адзначаецца, што Злучаныя Штаты працягваюць заклікаць да безумоўнага вызваленьня каля 1300 палітычных зняволеных, якія знаходзяцца за кратамі па ўсёй Беларусі за рэалізацыю свайго права на свабоду выказвання меркаванняў або свабоду сходаў, і будуць садзейнічаць прыцягненню рэжыму да адказнасці за парушэнні правоў чалавека». Злучаныя Штаты таксама нагадалі пра свае праграмы для пашырэння і захавання нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці беларусаў, у тым ліку мовы, літаратуры, мастацтва і гісторыі. Ключавой тэмай абмеркавання сталі выбары прэзідэнта, прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Удзельнікі Стратэгічнага дыялогу таксама абмеркавалі ўплыў рэжыму Лукашэнкі на рэгіянальную бяспеку і назвалі яго «дэстабілізацыйным».
Сустаршынямі стратэгічным дыялогу выступілі намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крыстафер У. Сміт і дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская.
* * *
Чарговая сесія Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША», якая распачалася ў Вільні, з’яўляецца пляцоўкай для падтрымання сталых стасункаў дэмакратычных сіл Беларусі з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Год таму Стратэгічны дыялог праходзіў у Вашынгтоне.
Цяперашняй сесіі ў Вільні папярэднічалі беларуска-амерыканскія сустрэчы ў межах працоўных груп па некалькіх кірунках.
У беларускую дэлегацыю пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай уваходзяць каля 20 чалавек: гэта прадстаўнікі АПК, Офісу Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, праваабаронцы, юрысты, бізнесоўцы, актывісты з розных грамадзянскіх ініцыятываў. Амерыканскі бок прадстаўляюць супрацоўнікі Дзярждэпартаменту, беларускага аддзела амбасады ЗША ў Вільні, USAID і іншых агенцтваў.
Галоўная тэма сесіі — як дасягнуць суверэннай, стабільнай і дэмакратычнай Беларусі, а таксама праблемы правоў чалавека і палітвязняў, прыцягненьня да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі і саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, падтрымка незалежных СМІ і прыватнага сектару беларусаў у выгнанні.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет