“Выбары без правілаў” – у Вільні 26 студзеня прайшла акцыя, прымеркаваная да так званых выбараў у Беларусі. Арганізатары мерапрыемства, валанцёрская арганізацыя “Дапамога”, RE:BELarus, Аб’яднанне беларускіх палітвязняў, ладзілі яе на традыцыйным месцы – плошчы Вінцаса Кудзіркі. На акцыю сабралася больш за 50 чалавек.

Як кажа кіраўніца фонду “Дапамога” Наталля Калегава, яны кожную нядзелю кажуць пра нелегітымнасць улады ў Беларусі і тэрор, які там адбываецца:
– Гэта жах, які кожны дзень адбываецца ў Беларусі. Мы радыя, што сённяшняя літоўская ўлада зноў пачала ўспамінаць, што беларусы – самы блізкі для іх народ. Што беларусы хочуць быць добрымі суседзямі для літоўцаў і жыць у вольнай краіне, прытрымлівацца дэмакратычных прынцыпаў. Што яны законапаслухмяныя людзі. І мы вельмі радыя, што ўлада ідзе на размову з беларусамі. І гэта адчуваецца. І беларусы атрымліваюць падтрымку ў плане міжнароднай абароны, палітычнага прытулку.

Актывісты RE:BELarus падчас акцыі ўстанаўлівалі намёт, які імітаваў выбарчы ўчастак. Жадаючым прапаноўвалі «прагаласаваць» і напісаць сваё меркаванне на тэму выбараў у Беларусі. Кажа спадарыня Вольга:
-Мы вырашылі даць магчымасць выказацца ўсім, хто хоча, пра выбары. Бо ў Беларусі людзі запалоханыя, яны не могуць нічога. Іх прымушаюць галасаваць, іх звозяць на ўчасткі, пагражаюць, што звольняць з працы. І таму мы стараемся выказацца самі і даем магчымасць выказацца ўсім. Пазней выказванні гэтыя мы пакажам.

На акцыі выступілі музыкі Андрэй Павук, Вольга Фалей. Сяргей “Космас” прэзентаваў сваю новую песню пра Беларусь, а таксама на словы Сяргея Ціханоўскага, якія той напісаў у турме.
На акцыю беларускія актывісты прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Літвы, Еўразвязу і Украіны. Таксама яны падрыхтавалі крэатыўныя плакаты з сімвалічным зместам. А ўдзельнікі і мінакі акцыі маглі расправіцца з умоўным прусам, якога знішчалі на спецыяльнай машынцы – шрэдары.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

































Беларускае Радыё Рацыя, Вільня






