BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні ўшанавалі ўдзельнікаў Паўстання 1863–1864 гадоў

25 студзеня ў Вільні прайшлі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Паўстання 1863–1864 гадоў. У іх прынялі ўдзел прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Ва ўрачыстасцях таксама ўзяла ўдзел лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

Наканавана чатыром народам — украінцам, палякам, літоўцам і беларусам — быць разам, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы 25 студзеня ў Вільні на цырымоніі памяці ўдзельнікаў Паўстання 1863–1864 гадоў. Частку сваёй прамовы ён прысвяціў Беларусі, адзначыўшы, у прыватнасці, што краіна сёння “вымушаная існаваць як расейскае генерал-губернатарства”:

-Гэтае паўстанне пацвердзіла, што наш лёс – быць разам. А наш поспех – украінцаў, палякаў, літоўцаў і беларусаў  – можа быць толькі агульным поспехам.

Паводле слоў Зяленскага, тое, за што змагаўся Кастусь Каліноўскі, застаецца актуальным і для сённяшняй Беларусі:

-Беларусь да гэтай пары мусіць існаваць як расейскае генерал-губернатарства. Праз столькі гадоў пасля Кастуся Каліноўскага ўсё, за што ён змагаўся, дагэтуль актуальна для Беларусі, хоць для ўкраінцаў, палякаў і літоўцаў ужо спрацавала. Таму што сапраўдную незалежнасць і сапраўдную бяспеку жыцця беларусам яшчэ трэба здабыць. Пакуль што белы шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі, на жаль.

У цырымоніях ушанавання паўстанцаў у Вільні 25 студзеня ўзялі ўдзел прэзідэнты Літвы, Польшчы і Украіны, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. Святлана Ціханоўская асабіста была на цырымоніі ў Касцёле святых Станіслава і Уладзіслава – кафедральным саборы Вільні.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская выказала падзяку ўсім беларусам, якія прыйшлі ўшанаваць памяць паўстанцаў: «Дзякую кожнаму, хто прыйшоў сёння на гэтыя ўрачыстасці. Вашая прысутнасць — гэта знак, што памяць пра змаганне за свабоду жыве ў сэрцах беларусаў, незалежна ад месца, дзе мы знаходзімся.

Памяць пра Паўстанне 1863–1864 гадоў застаецца актуальнай і да сёння, калі беларусы працягваюць змаганне за свабоду, незалежнасць і дэмакратычную будучыню сваёй краіны. Спадчына Кастуся Каліноўскага нагадвае, што барацьба за годнасць і правы чалавека — гэта агульная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае пакаленні».

Фота: t.me/tsikhanouskaya

* * *

Ілюстрацыйнае фота.

Сустрэча на вышэйшым узроўні мае не толькі пратакольны, але і сімвалічны характар — яна падкрэслівае адзінства народаў Літвы, Польшчы, Украіны і Беларусі, а таксама гатоўнасць сумесна бараніць свабоду і незалежнасць.

Паводле праграмы, пасля богаслужэння ў Віленскім кафедральным саборы адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання на могілках Росы.

Ілюстрацыйнае фота.

Напярэдадні, па запрашэнні канцылярыі прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у цырымоніі ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў у Варшаве. У складзе беларускай дэлегацыі таксама былі намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан і ветэран палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Пчала».