Па выніках парламенцкіх выбараў у Вялікабрытаніі ўпэўнена перамагае апазіцыйная Лейбарысцкая партыя на чале з сэрам Кірам Стармерам. У апазіцыі яна знаходзілася апошнія 14 гадоў.

На выбарах у чацвер (4 ліпеня) у Вялікабрытаніі партыя пад кіраўніцтвам Кіра Стармера атрымала (паводле цяперашніх ацэнак) 412 месцаў у Палаце абшчын, што азначае прырост на 210 дэпутатаў. Кансерватыўная партыя на чале з прэм’ер-міністрам Рышы Сунакам атрымала толькі 121 месца (зніжэнне на 245 прадстаўнікоў). 71 дэпутат будзе абраны ў Палату абшчын ад ліберальных дэмакратаў і дзевяць ад Шатландскай нацыянальнай партыі. Астатнія партыі атрымаюць агулам 35 месцаў.
Прэм’ер-міністр краіны Рышы Сунак пераабраўся, але ўжо прызнаў паразу сваёй партыі. ВВС адзначае, што за 14 гадоў ва ўладзе кансерватары адзначыліся зніжэннем роўню жыцця насельніцтва (такога не было з 1950-х гадоў). Вінаватыя і жорсткая эканомія дзяржаўных выдаткаў, і пандэмія COVID, і — галоўнае — выхад з ЕЗ, які рэзка скараціў гандаль і інвестыцыі. У гэтых умовах апазіцыі было дастаткова паабяцаць насельніцтву проста перамен. І іх падтрымалі.
Беларускае Радыё Рацыя






