У Вашынгтоне лічаць, што гэта была не самая магутная ракета, якой расейцы білі па Украіне за апошнія гады.

ЗША загадзя ведалі, што Расея рыхтуецца ўдарыць па Украіне стратэгічнай ракетай, і папярэдзілі пра гэта Кіеў і ўрады іншых краін. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на неназванага амерыканскага чыноўніка.
Па словах суразмоўцы, для ўдару па Дняпры расейцы выкарыстоўвалі “эксперыментальную” балістычную ракету сярэдняй далёкасці. Ён дадаў, што Расея, верагодна, мае толькі “жменьку гэтых эксперыментальных ракет”.
Акрамя таго, чыноўнік зазначыў, што Украіна ўжо вытрымала “незлічоную колькасць атак” з боку Расеі, у тым ліку ракетамі са “значна большымі боегалоўкамі”, чым у ракеце, якой расейцы сёння ўдарылі па Дняпры.
***
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін заявіў, што ранішні ўдар па Дняпры быў нанесены найноўшай расейскай ракетай “Арэшнік”. Хутчэй за ўсё, гэта проста іншая назва РС-26 “Рубеж”, якая неаднаразова згадвалася, піша ваенна-аналітычны партал Defense Express.
***
Сённяшні ўдар па Дняпры стаў першым у гісторыі баявым прымяненнем міжкантынентальнай балістычнай ракеты (МБР) і “аб’ектыўна стаў рэпетыцыяй і дэманстрацыяй ядзернага ўдару з выкарыстаннем імітатараў баявых блокаў з індывідуальным навядзеннем”. Аб гэтым піша ваенна-аналітычны партал Defense Express.
Ракета была запушчана з палігона “Капусцін Яр” у Астраханскай вобласці. Менавіта там на днях было заўважана разгортванне міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-26 “Рубеж”. Лічыцца, што яе максімальная далёкасць складае 6000 км, але ракета, якая ўдарыла па Дняпры, праляцела толькі каля 800 км.
Паведамляецца, што мэтай атакі былі прадпрыемствы і крытычная інфраструктура, аднак абышлося без істотных наступстваў.