Прыняць удзел у галасаванні ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання змогуць толькі ўладальнікі пашпарта грамадзяніна Беларусі, паведаміла старшыня Выбарчай камісіі па выбарах у КР Алена Прыходзька на канферэнцыі, прысвечанай выбарам, 19 траўня ў Варшаве. Паводле яе слоў, гэта выклікана тым, што “пытанні бяспекі і сапраўднасці з’яўляюцца прыярытэтнымі.
“Свядома абыходзімся з нейкімі іншымі фактарамі і магчымасцямі, якія маглі б быць падчас выбараў, але мы фізічна не можам апрацаваць іх так, каб галасы былі сапраўднымі і валіднымі, — падкрэсліла Прыходзька. — Таму мы пакінулі толькі адзін дадатак і ідэнтыфікацыю праз беларускі пашпарт”. Ідэнтыфікаваць іншыя дакументы камісія не зможа, дадала яна.
“Гэта патрабуе вялікіх намаганняў і рэсурсаў на ўзроўні дзяржавы. Такіх магчымасцей у нас няма. У нас сістэма сапраўды можа ідэнтыфікаваць толькі беларускі пашпарт”, – адзначыла Прыходзька.
Што тычыцца тых, хто мае намер прагаласаваць з Беларусі, ВК раіць спампаваць прыкладанне не раней за 25 траўня.
Адказваючы на пытанні гледачоў трансляцыі канферэнцыі, Прыходзька сказала, што ў яе “няма станоўчага адказу на пытанне, як прагаласаваць беларусам, якія не маюць пашпарта грамадзяніна Беларусі”.
Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца 3 дні — да 27 траўня. Першае паседжанне КР трэцяга склікання чакаецца 15 чэрвеня.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі прызнаў усе 12 кааліцый кандыдатаў на выбары ў трэці склад Каардынацыйнай рады “экстрэмісцкімі фармаваннямі”.