Украіна атрымала ад Вялікабрытаніі першыя 752 мільёны фунтаў стэрлінгаў (каля 969 мільёнаў даляраў), якія забяспечаныя даходамі ад замарожаных расейскіх актываў, паведаміў украінскі прэм’ер-міністар Дзяніс Шмыгаль. Паводле яго, сродкі будуць накіраваны на ўмацаванне ўкраінскай абараназдольнасці.

Выдзеленыя Лонданам грошы — частка праграмы, у рамках якой краіны G7 дадуць Украіне крэдыты на агульную суму 50 мільярдаў даляраў пад прыбытак ад замарожаных на Захадзе актываў расейскага Цэнтрабанку.
Другога сакавіка Вялікабрытанія і Украіна падпісалі пагадненне аб выдзяленні крэдыту на суму 2,26 мільярды фунтаў стэрлінгаў.
Сродкі даюцца на 30 гадоў. Указваецца, што крэдыт будзе пагашацца за кошт будучых даходаў ад замарожаных расейскіх актываў, а выкарыстоўвацца на фінансаванне закупак абаронных матэрыялаў.






