BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украіна больш не баіцца адкрыцця «другога фронту» з поўначы

Вярхоўная Рада Украіны 11 сакавіка прыняла пастанову са зваротам да ўрадаў Польшчы, Фінляндыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі аб увядзенні поўнай забароны на экспартна-імпартныя аперацыі і транзіт тавараў з Расеяй і Беларуссю.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Парламент таксама заклікаў гэтыя краіны дабіцца ўключэння адпаведных абмежаванняў у наступныя санкцыйныя пакеты Еўразвязу. У пастанове падкрэсліваецца, што гандаль Еўразвязу з Расеяй і Беларуссю застаецца значнай крыніцай даходаў для гэтых рэжымаў і садзейнічае фінансаванню іх ваенна-прамысловых комплексаў.

У пацвярджэнне прыводзіцца наступная статыстыка: за 10 месяцаў 2025 года Латвія экспартавала ў Расею і Беларусь тавары на 941,5 млн. еўра, імпарт расейскіх угнаенняў у Польшчу за 2024 год вырас амаль на 130% у параўнанні з 2022 годам. За 11 месяцаў 2024 года ЭЗ прадаў Беларусі тавары на 6,63 млрд еўра, найбуйнейшым пакупніком беларускіх тавараў была Польшча – на 436,4 млн еўра. Увядзенне поўнага гандлёвага эмбарга на ўсходніх межах ЭЗ, на думку ўкраінскіх парламентарыяў, стане важным крокам ва ўзмацненні эканамічнага націску на дзяржавы-агрэсары і ўмацаванні бяспекі Еўропы.

Рэзалюцыя Вярхоўнай Рады – гэта яшчэ адзін крок у новым стаўленні афіцыйнага Ківа да афіцыйнага Менску, якое актыўна назіраецца апошнія месяцы. Тут і сустрэча прэзідэнта Зяленскага са Святланай Ціханоўскай у Вільні, і запрашэнне ёй наведаць з візітам Кіеў, і некалькі максімальна рэзкіх выказванняў Зяленскага пра рэжым у Беларусі (у адным з іх ён фактычна заявіў, што ў Беларусі будзе паўстанне супраць дыктатуры).

Тут і рашэнне прызначыць спецпрадстаўніка па Беларусі, і ўвядзенне Кіевам персанальных санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі. І першае за 4 гады інтэрв’ю Зяленскага беларускаму выданню (Люстэрка), дзе сярод іншага ён паведаміў, што ўкраінцы знішчылі на тэрыторыі Беларусі некалькі рэтранслятараў, якія накіроўваюць расейскія дроны.

Ну а цяпер да гэтай новай палітыкі ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі падключылася і заканадаўчая галіна – Вярхоўная Рада Украіны.

Чым выкліканы такі стратэгічны разварот? Бо доўгі час афіцыйны Кіеў паводзіў сябе даволі асцярожна ў адносінах з Беларуссю, – відавочна, асцерагаючыся адкрыцця другога фронту на сваёй паўночнай мяжы.

Па-першае, Менск усё больш стаў уцягвацца ў расейскую агрэсію, што выявілася ў заяўленым размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядравай зброі ды «Арэшніка», а таксама ў павелічэнні працы беларускай ваеннай прамысловасці на Расею. На ўсё гэта Украіна доўгі час не рэагавала. А цяпер вырашыла адказваць, і адказваць даволі рэзка.

І па-другое, Кіеў перастаў баяцца Лукашэнкі, баяцца адкрыцця таго самага другога фронту. Украіна заяўляе, што ня бачыць спакойнай будучыні для нашага рэгіёна без дэмакратычнай і праеўрапейскай Беларусі. Так што цяпер ужо Лукашэнка павінен баяцца Кіева.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя