933-і дзень вайны. Расейцы ўдарылі па Шосткінскім раёне Сумскай вобласці Украіны. Ёсць загінулыя, інфармуе АВА. Акупанты скінулі кіраваныя авіябомбы на грамадзянскую інфраструктуру, зафіксавана 4 выбухі. Пашкоджаны шматкватэрныя жылыя дамы, шпіталь, адсутнічае электразабеспячэнне. Папярэдне, у выніку абстрэлу загінулі 2 чалавекі і яшчэ 6, уключаючы дзіця, атрымалі раненні. Наступствы нападу ўдакладняюцца.
Тым часам, Украіна і Расея правялі чарговы абмен палоннымі. На ўкраінскую тэрыторыю вярнуліся 49 грамадзян, а на расейскую — 44. Як паведаміў амбудсмэн Украіны Дзмітро Лубінец, упершыню Украіне ўдалося вярнуць дадому адразу 23 жанчын. Усяго ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання дадому вярнуліся 3569 украінцаў.
Сёння, 13 верасня, адбыўся 56-ы абмен ваеннапалонных. У ім былі воіны Узброеных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай памежнай службы, а таксама цывільныя.
Акрамя таго, удалося вызваліць яшчэ частку абаронцаў «Азоўсталі». Як паведамілі “Свабодзе” ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», сярод перададзеных Расеяй ва Украіну і Украінай у Расею беларусаў няма.
Беларускае Радыё Рацыя