
Фота: ombudsmanrf / Telegram
Украіна і Расея па выніках трэцяга раўнду перамоваў у Стамбуле, які прайшоў учора, дамовіліся працягнуць абмен палоннымі, але на гэты раз бакі таксама абмеркавалі вяртанне цывільных жыхароў.
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі ўкраінскай дэлегацыі пасля перамоў.
Цяпер падчас абменаў асаблівая ўвага будзе нададзена ваеннапалонным, якія знаходзяцца ў палоне больш за тры гады.
Кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах Уладзімір Мядзінскі паведаміў, што новы абмен будзе мець фармат «1200 на 1200».
Кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў паведаміў, што Кіеў прапанаваў правесці да канца жніўня сустрэчу паміж лідарамі Украіны і Расеі Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным з удзелам прэзідэнтаў Турцыі і ЗША Рэджэпа Таіпа Эрдагана і Дональда Трампа.
Рашэнне аб чацьвёртым раўндзе перамоваў будзе прынятае пасля рэалізацыі новых пагадненняў, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС.
Прэзідэнт Украіны напярэдадні перамоў заявіў, што Кіеў будзе настойваць на неабходнасці неадкладнага і поўнага спынення агню.
Абмен ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай прайшоў 23 ліпеня, як звычайна – на беларуска-ўкраінскай мяжы, адразу пасля завяршэння учорашніх перамоў у Стамбуле. Аднак ён быў праведзены яшчэ ў межах дамоўленасцяў, дасягнутых на перамовах 2 чэрвеня.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў межах гэтага абмену дадому вярнуліся цяжка параненыя і хворыя абаронцы Украіны. Ён адзначыў, што дзякуючы апошнім дамоўленасцям у Стамбуле атрымалася вярнуць больш за тысячу чалавек.
Украіна, у сваю чаргу, вярнула групу расейскіх вайскоўцаў. Усе яны цяпер знаходзяцца ў Беларусі, дзе ім аказваюць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу. У далейшым іх адправяць у Расею для праходжання лячэння і рэабілітацыі.






