ЗША і Украіна падпісалі мемарандум, які пацвярджае намер заключыць пагадненне аб карысных выкапнях. Пра гэта паведаміла першы віцэ-прэм’ер, міністр эканомікі Украіны Юлія Свірыдэнка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

“Зрабілі крок да сумеснага з ЗША пагаднення аб эканамічным партнёрстве. Украіна і Злучаныя Штаты падпісалі мемарандум, які пацвярджае канструктыўную сумесную працу нашых каманд і намер фіналізаваць і заключыць пагадненне, якое будзе выгадна абодвум нашым народам”, – напісала яна ў сацсетках.
Паводле Свірыдэнкі, падпісаннем мемарандума пацвярджаюцца дамоўленасці пра імкненне амерыканскага народа інвеставаць разам з украінскім народам у свабодную, суверэнную і бяспечную Украіну.
Міністр дадала, што застаецца завяршыць працу над тэкстам пагаднення, падпісаць яго, а затым ратыфікаваць дакумент у парламентах.
Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Кіеў падпішуць пагадненне аб рэдказямельных металах у наступны чацвер, 24 красавіка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/yulia.svyrydenko