Украіна ініцыюе скліканне экстранага пасяджэння Рады Бяспекі ААН праз удары Расеі па цывільнай інфраструктуры, у тым ліку па дзіцячым шпіталі ў Кіеве. Пра гэта прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў на прэс-канфэрэнцыі з прэмʼерам Польшчы Дональдам Тускам у Варшаве.

Зяленскі заявіў, што Украіна «абавязкова адкажа нелюдзям з Расеі» і адновіць інфраструктуру, пашкоджаную падчас маштабнага ракетнага ўдару.
Паводле апошніх звестак Генпракуратуры Украіны, колькасць пацярпелых у выніку абстрэлаў у Кіеве вырасла да 78. Пры гэтым 59 чалавек атрымалі раненні. 19 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, якіх выцягнулі з-пад завалаў жылога дому, загінулі. У Крывым Рогу загінулі 10 чалавек, у Дняпры — адзін. Усяго ў Днепрапятроўскай вобласці пацярпелі 62 чалавекі. Яшчэ тры чалавекі загінулі ў выніку абстрэлу Пакроўску ў Данецкай вобласці Ўкраіны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: GETTY IMAGES