Міністэрства замежных спраў Украіны назвала ўдар расейскай ракеты «Арэшнік» па Львоўскай вобласці глабальнай пагрозай бяспецы. Міністр замежных спраў Андрэй Сібіга заявіў, што Кіеў праінфармуе ЗША, еўрапейскіх партнёраў, а таксама міжнародныя арганізацыі і ініцыюе тэрміновае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН, Рады Украіна–НАТА і кансультацыі ў межах ЕЗ, Савета Еўропы і АБСЕ.
Сібіга назваў абсурдным тлумачэнне Масквы, нібыта ўдар стаў «адказам» на атаку ЗСУ на рэзідэнцыю Пуціна, падкрэсліўшы, што ракета сярэдняй далёкасці была ўжытая каля межаў ЕЗ і НАТА . Паводле яго слоў, гэта сур’ёзны выклік для бяспекі ўсяго еўрапейскага кантынента, і Украіна патрабуе жорсткай міжнароднай рэакцыі, у тым ліку ўзмацнення санкцый супраць расейскіх нафтавых даходаў і танкернага флоту.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што свет павінен даць выразны адказ на гэты ўдар, найперш ЗША, і падкрэсліў, што падтрымка ўмацавання супрацьпаветранай абароны для Украіны застаецца прыярытэтам нумар адзін.
Беларускае Радыё Рацыя






