BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Украіна масіравана атакавала расейскія аэрадромы

Паводле Службы бяспекі Украіны, што ў цэлым было ліквідавана 34% стратэгічных ракетаносцаў Расеі, якія знаходзіліся на асноўных аэрадромах базіравання.

***

Падчас нападу дронаў на аэрадромы РФ былі задзейнічаныя беспілотнікі, якія натрэніравалі з выкарыстаннем тэхналогіі штучнага інтэлекту. Аб гэтым паведамляе Clash Report.

“У мінулым годзе ўкраінская ваенная разведка сканавала расейскія бамбавікі і вучыла штучны інтэлект распазнаваць іх і выконваць алгарытмы аўтаматычнага пікіравання. Сёння мы бачым вынікі”, – піша выданне.

Адзначаецца, што падчас нападу былі скарыстаны беспілотнікі двух тыпаў – класічныя квадракоптары вертыкальнага ўзлёту і беспілотнікі тыпу “крыло”, якія запускаюцца з міні-катапульты.

***

Па выніках атакі СБУ ўразіла 41 самалёт стратэгічнай авіяцыі Расеі. Саму аперацыю рыхтавалі больш за паўтара года, пішуць украінскія медыя. СБУ спачатку пераправіла ў Расею fpv-дроны, а затым — мабільныя драўляныя домікі. Пазней на тэрыторыі Расеі дроны былі схаваныя пад дахі хатак, размешчаных ужо на грузавых аўто. У патрэбны момант дахі дамоў дыстанцыйна адкрылі, а дроны паляцелі атакаваць расейскія бамбавікі.

Крыніцы ў СБУ падкрэсліваюць, што людзі, якія бралі ўдзел у гэтай гістарычнай спецаперацыі, ужо даўно знаходзяцца ва Украіне.

***

Абвешчана спецаперацыя «Павуціна» па знішчэнні расейскай бамбардзіровачнай авіяцыі. СБУ заявіла пра пашкоджанне больш за 40 самалётаў. Ёсць паведамленні пра атаку на аэрадром «Оленья» ў Мурманскай вобласці Расеі.

Фота: newizv.ru

На гэтай базе дыслацыруюцца дальнія бамбардзіроўшчыкі Ту-22М3. Таксама атакаваны аэрадром «Белая» ў Іркуцкай вобласці. На гэтай базе дыслацыруецца 200-ы гвардзейскі бамбардзіровачны авіяцыйны полк. Гэта можа быць першым выпадкам, калі беспілотнікі атакавалі Сібір. Некаторыя відавочцы сцвярджаюць, што ў другім выпадку дроны-камікадзэ пачалі вылятаць наўпрост з грузавіка, які стаяў на трасе. Мінімум тры самалёты сур’ёзна пашкоджаныя.

Згодна з ацэнкамі, страты расейскай авіяцыі ў выніку ўкраінскай спецаперацыі могуць скласці 7 мільярдаў даляраў.

1 чэрвеня ў Расеі адзначаецца Дзень ваенна-транспартнай авіяцыі.

Акром таго, у расейскім Севераморску прагучэў моцны выбух, пішуць мясцовыя паблікі. У гэтым горадзе абслугоўваюцца падводныя лодкі з ядзернымі носьбітамі. Гэта галоўная ваенна-марская база Паўночнага флота Расеі.

Як канстатуе рэсурс Сlash Report, з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці, сённяшняя аперацыя Украіны практычна не мае сабе роўных. Адзін украінскі FPV-дрон можа каштаваць $300-600, а мадэрнізаваны расейскі стратэгічны бамбавік Ту-95МС ацэньваецца ў больш за $100 мільёнаў. Гэта значыць, атрымліваецца больш чым статысячакратная розніца ў кошце.

Нагадаем, што заўтра, 2 чэрвеня, меў адбыцца чарговы раўнд украінска-расейскіх перамоваў у Стамбуле.

Беларускае Радыё Рацыя