Украіна распрацавала высокадакладную бомбу, якая можа стаць «ключавой зброяй» для ўдараў па расейскіх вайсковых аб’ектах, паведамляе Forbes. Прататып снарада трапіў на відэа, знятае нядаўна экіпажам украінскага знішчальніка падчас выпрабаванняў.

Паводле звестак выдання, бомба абсталяваная ракетным паскаральнікам, высоўнымі крыламі і GPS-сістэмай, а далёкасць яе палёту можа дасягаць прыкладна 65 кіламетраў. Калі Украіна наладзіць серыйную вытворчасць гэтых бомбаў, яна зможа наносіць удары па тэрыторыі Расеі з той жа частатой, з якой Узброеныя сілы РФ абстрэльваюць Украіну аналагічнымі снарадамі, адзначае Forbes. Новая бомба папоўніць пералік вырабленых ва Украіне боепрыпасаў, такіх як крылатая ракета «Няптун», дрон-ракета «Паляніца» і мноства дальнабойных ударных беспілотнікаў. На фоне абмежаваных паставак зброі ад Захаду і забаронаў на выкарыстанне ў глыбіні расейскай тэрыторыі Украіна актыўна развівае вытворчасць уласных снарадаў. Так, 24 жніўня УСУ паспяхова выпрабавалі дальнабойную ракету-дрон «Паляніца» з далёкасцю палёту 700 кіламетраў. Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў паведаміў, што гэтую ракету плануецца выкарыстоўваць для ўдараў па Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя