Украіна ў будучыні далучыцца да NATO і стане 33-м ці 34-м сябрам Паўночнаатлянтычнага альянсу, заявіў на сустрэчы міністраў абароны краінаў NATO 17 кастрычніка ў Брусэлі генеральны сакратар альянсу Марк Рутэ. «На цяперашні момант выглядае, што Украіна будзе 33-м чальцом», — сказаў Марк Рутэ, але адзначыў, што тэарэтычна яе можа апярэдзіць яшчэ якая-небудзь краіна. Афіцыйна кандыдатам у сябры NATO з’яўляецца Боснія і Герцагавіна, членства ў саюзе ў будучыні без указання канкрэтных датаў абяцалі таксама Грузіі і Украіне.

Чакаецца, што 17 кастрычніка ў Брусэлі Рутэ сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Гэта будзе іхняя трэцяя сустрэча з пачатку месяца.
Расея катэгарычна пярэчыць супраць уступлення Украіны ў NATO і называе адмову ад гэтага адной са сваіх умоваў пачатку мірных перамоваў.






