
У Курскай вобласці ўкраінскія войскі спрабуюць нанесці расейцам, якія з 10 верасня праводзяць контрнаступ, флангавы ўдар. Яны прарываюцца на тэрыторыю Глушкоўскага раёна з Сумскай вобласці, як мінімум, на двух новых напрамках.
Расейцы апублікавалі відэа, як інжынерныя машыны размініравання прабіваюць шлях праз “зубы цмока” і мінныя палі на мяжы. Пасля іх заходзіла бронетэхніка. Некаторыя расейскія “ваенкары” прызнаюць, што ўкраінцы лакальна маюць поспех, называюць сітуацыю “напружанай”, там ідуць цяжкія баі.
Расейская групоўка ў гэтым раёне з поўначы абмежавана ракой Сейм, на якой украінцамі знішчаныя ўсе масты і знішчаюцца пантонныя пераправы. Відаць, стаіць задача разрэзаць гэтую групоўку, прыціснуць яе да ракі і флангавым ударам спыніць расейскі контрнаступ на Суджанскі раён. Украінскі бок амаль не каментуе гэтыя падзеі.
“Расейцы пачалі контрнаступальныя дзеянні. Усё ідзе па нашым украінскім плане”, — заявіў напярэдадні ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.






