Пратэсныя акцыі беларусаў замежжа — ці эффектыўны яны, і чаму ўлада так востра рэагуе на ніх, што даходзіць аж да новых крымінальных справаў у дачыненні да ўдзельнікаў? На пытанне адказвае госць Рацыі, палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва “Позірк” Аляксандр Класкоўскі. Размаўляе з ім Алеся Вербаловіч.

РР: Чаму акцыі 9 жніўня за мяжой так пужаюць лукашэнкаўскі рэжым? Зараз вось пагражаюць крымінальнымі справамі, новымі арыштамі.
Аляксандр Класкоўскі: Я б не сказаў, што ўлада так ужо баіцца гэтых акцый, таму што сёння, адрозна ад 2020 года, Лукашэнка пачуваецца дастаткова ўпэўнена. Гэта хутчэй такая метадычная помста, метадычнае дацісканне тых, хто мусіў з’ехаць у палітычную эміграцыю. Вось глядзіце, на пачатку рэжым узяў такі курс, такі кірунак, каб па магчымасці выштурхнуць за мяжу сваіх палітычных праціўнікаў. І нядаўна Лукашэнка, калі на нейкай нарадзе, гэта была нарада з дыпламатамі, з кіраўнікамі замежных дыппрадстаўніцтваў, некалькі дзён таму, ён фактычна адкрытым тэкстам сказаў, што, калі вёў перамовы з амерыканцамі, дык паставіў умову, маўляў, забірайце Сяргея Ціханоўскага і яшчэ там групу палітвязняў, але вывозьце іх за мяжу. То бок гэта ўжо такая афіцыйна дэклараваная палітыка. Бо зразумела, і мы бачым гэта, дарэчы, на прыкладзе Сяргея Ціханоўскга, што з-за мяжы нешта істотнае такое ў палітычным плане зрабіць цяжка, паўплываць на сітуацыю ў Беларусі.
Паколькі Сяргей Ціханоўскі доўга быў у рэжыме інкамунікада, ён не адразу гэта ўсвядоміў. І мы памятаем, што ў яго былі такія гарачыя ідэі, ён казаў, што праз два тыдні нанясе магутны ўдар па лукашызме, але прайшло ўжо болей, часу – і нічога не атрымалася. Ён пабачыў, што рэаліі значна больш суровыя, чым яму ўяўлялася. Гэта ж можна казаць і пра іншых, выціснутых у эміграцыю праціўнікаў рэжыму. І плюс улады Беларусі фактычна вядуць такую палітыку трансгранічных рэпрэсій. То бок звышзадача – не даваць сваім палітычным апанентам вольна дыхаць нават і ў замежжы. І, канешне, тут ёсць практычныя такія меркаванні ва ўладаў Беларусі, таму што як-ніяк, хоць шмат сёння крытыкі на адрас офіса Ціханоўскай, іншых палітычных штабоў дэмакратычных сіл, але яны робяць вялікую працу, яны нагадваюць Захаду пра беларускую дыктатуру, яны дамагаюцца ўзмацнення санкцый, і гэта б’е ўжо па эканамічных інтарэсах рэжыму.
Акрамя ўсяго іншага, Лукашэнка, як бачым сёння, хоча дамовіцца з Захадам, наладзіць такі торг палітзняволенымі. Гэты працэс пайшоў на амерыканскім трэку, і, канешне, рыторыка той жа Ціханоўскай, Паўла Латушкі і іншых апазіцыйных лідараў, якія заклікаюць не ісці на ўгоду з рэжымам, а наадварот – узмацянць ціск на яго, яна, канешне, раздражняе Лукашэнку ў гэтым вось кантэксце, калі ён хоча з Дональдам Трампам “зварыць кашу” ў духу так званай рэал-палітыкі.
РР: Вось вы згадалі эканамічны чыннік, мне цікава ў гэтым сэнсе, як вы лічыце, ці чакаць масавыя арышты маёмасці актывістаў пра што зараз піша Следчы камітэт і пракуратура?
Аляксандр Класкоўскі: Так, гэта цалкам рэальная пагроза, бо было дастаткова такога кшталту прэцэдэнтаў, паколькі ўзяць у абарот, дацягнуцца да тых, хто знаходзіцца за мяжой, сілавікі Лукашэнкі не могуць, то яны б’юць па тым, што засталося ў Беларусі – арыштоўваюць, адбіраюць маёмасць. Калі адбываюцца завочныя суды, то выкочваюцца астранамічныя штрафы, мільёны рублёў. Гэта такая дробная помста, бо Лукашэнка – гэта такі помслівы чалавек. Яны такім чынам стараюцца хаця б завочна насаліць тым, хто выходзіў на пратэсты ў 2020 годзе і сёння працягвае сваю дзейнасць, у прыватнасці выходзіць на тыя ж самыя акцыі за мяжой.
Аналітык нагадвае – малаверагодна, што рэпрэссіі спыняцца ў бліжэйшы час, таму варта падбаць пра асабістую бяспеку.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






