Падчас канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні Святлана Ціханоўская аб’явіла прозвішчы новых прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Уладзімір Астапенка стаў прадстаўніком па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве. З ім пра міжнароднае супрацоўніцтва размаўляе Таццяна Смоткіна.
РР: Што трэба рабіць на міжнародным узроўні, каб нас пачулі і дапамаглі выратаваць нашых палітвязняў?
Уладзімір Астапенка: Трэба быць на міжнародным узроўні. Трэба быць там, дзе гэта патрэбна, трэба выступаць там, дзе гэтага чакаюць. Трэба разумець фарматы, якія ўжываюцца праз многія гады замежнымі краінамі, каб не лезьці са сваім статутам у чужы манастыр. Таму ў нас ужо ёсць разуменне, якія магчымасці мае Еўрапейскі парламент, альбо нацыянальныя парламенты еўрапейскіх краінаў. Як працаваць з нацыянальнымі ўрадамі, і мы маем працоўныя кантакты з імі. Што могуць зрабіць амбасады, якія знаходзяцца ў Менску, або ў тых краінах, дзе мы працуем. Таму мы задзейнічаем практычна ўвесь патэнцыял замежных сувязяў для таго, каб мы былі пачутыя, па-першае, і па-другое, каб прасоўваць нашу беларускую павестку. На мой погляд, мы зрабілі ўжо шмат таго, чаго не было ўвогуле ў міжнароднай супрацы беларусаў з замежнымі краінамі на працягу апошніх 30 гадоў Лукашэнкі.
РР: Як на яго трэба ціснуць, каб ён пайшоў на саступкі і выпусціў хаця б частку палітвязняў – хаця б хворых і самых вядомых?
Уладзімір Астапенка: Я разумею, што гэта вельмі балючае пытанне, гэта нам усім баліць. Але як ціснуць на Лукашэнку — не ведаю. Трэба было б спытацца ў самога Лукашэнкі. Што ў яго баліць? Па-другое, ёсць агульнае разуменне, што без ціску ён нічога не зробіць. А таму можна прыйсці да высновы, што чым большым будзе ціск, тым больш шанцаў пачуць тое, што мы чакае, і пабачыць, што мы чакае. Таму мы разумеем, што па ўласнай ініцыятыве Лукашэнка нічога не будзе рабіць. Мы павінны яго прымусіць зрабіць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя