BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзімір Мацкевіч: Прыярытэтным з’яўляецца развіццё беларуска-ўкраінскіх стасункаў

Падрыхтоўка да выбараў у Каардынацыйную Раду, а таксама падрыхтоўка арганізацыйна-дзейнаснай гульні па ўзгадненні палітычна-грамадскіх і палітычных напрамкаў. Гэта найважнейшыя справы, на якіх зараз дэмакратычнай супольнасці ў замежжы варта канцэнтраваць сваю ўвагу і высілкі.

Уладзімір Мацкевіч
Уладзімір Мацкевіч

Разам з тым прыярытэтным таксама з’яўляецца развіццё беларуска-ўкраінскіх стасункаў, – сваімі разважаннямі падзяліўся былы палітвязень, філосаф Уладзімір Мацкевіч:

– Гэты год – ён лёсавызначальны, ён мае гістарычную каштоўнасць. Але я пакуль магу глядзець наперад толькі на паўгода. Першае паўгоддзе 2026 года ў беларускай эміграцыі звязана з двума задачамі. Першае, гэта выбары ў Каардынацыйную Раду, фарміраванне самой Каардынацыйнай Рады, яе складу і асабліва яе рэгламенту і праграмы дзеянняў. Бо пакуль, тое, што мы маем у КР, – яна не выконвае тых функцый, дзеля якіх яна мае сэнс існавання.

Другая задача – гэта падрыхтоўка арганізацыйна-дзейнаснай гульні па ўзгадненні пазіцыяў самых розных палітычна-грамадскіх і палітычных напрамкаў, вось гэтай мітусні, якая сёння адбываецца ва ўсіх структурах. Ну і стварэнне нейкай адзінай праграмы і стратэгіі дзеяння, дзеля дасягнення двух мэтаў: сярэдне-тэрміновая мэта – вяртанне ў Беларусь, якая не можа быць выкананая без больш маштабнай мэты – трансфармацыі Беларусі. Не толькі рэжыму, але і ўсяго грамадскага жыцця ў краіне. Вось гэтымі двума задачамі я заклапочаны і я вельмі хацеў бы, каб яны сталі цэнтрам увагі для сродкаў масавай інфармацыі.

РР: А як вы ацэньваеце беларуска-ўкраінскія стасункі, напрыклад, апошнюю сустрэчу Зяленскага з Ціханоўскай?

– Я сказаў пра гэтыя дзве галоўныя задачы, але гэтыя задачы маюць кантэкст і акалічнасці іх вырашэння. Першая сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай таксама вельмі значная акалічнасць у працэсах вырашэння гэтых задач, бо паразуменні паміж Украінай, у асобе яе прэзідэнта, і намаганнямі беларускай эміграцыі, яе грамадска-палітычных сілаў, па трансфармацыі Беларусі, могуць быць выкананы толькі сінхронна, сінхранізуючыся паміж сабой. Наш поспех вельмі залежыць ад таго, як скончыцца вайна ва Украіне.

Уладзімір Мацкевіч дадаў, што таксама ў палітычным полі будуць адбывацца змены праз выхад на волю лідараў, былых палітвязняў як за мінулы год, так і тых, хто можа выйсці з-за кратаў і апынуцца ў замежжы сёлета.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя