BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзімір Пуцін прыбыў у Кітай на саміт ШАС

Уладзімір Пуцін сёння, 31 жніўня, прыбыў у паўночны кітайскі партовы горад Цяньцзінь для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Падобнымі сустрэчамі Кітай спадзяецца супрацьстаяць уплыву Захаду ў сусветных справах, піша Reuters.

Уладзімір Пуцін прыляцеў у Кітай. Фота: topwar.ru
Уладзімір Пуцін прыляцеў у Кітай. Фота: topwar.ru

Адзначаецца, што Пуціна сустрэлі чырвонай дывановай дарожкай, як на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на Алясцы 15 жніўня. Кіраўнік Крамля прабудзе ў Кітаі чатыры дні. Кітайскія СМІ пішуць аб тым, што адносіны паміж Пекінам і Масквой зараз знаходзяцца на “лепшым узроўні ў гісторыі”.

У агенцтве нагадалі, што ўсяго кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін прыме каля 20 сусветных лідараў, уключаючы прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі, прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана і беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку. Гэта будзе найбуйнейшы сход з моманту заснавання ШАС у 2001 годзе.

Пасля саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Уладзімір Пуцін адправіцца ў Пекін, дзе прыме ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 80-м угодкам перамогі ў Другой сусветнай вайне. А пасля візіту ў КНР расейскі кіраўнік ажыццявіць пералёт ва Уладзівасток, дзе пройдзе эканамічны форум.