BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзімір Вялічкін: Сцэнары, што існавалі раней, паламаліся

У наш напружаны і цяжкі час усіх беларусаў хвалююць лёсавызначальныя пытанні: што будзе з Беларуссю далей, які лёс нас чакае, хто пасля Лукашэнкі, і калі мы дачакаемся сыходу дыктатара, які надаеў проста жахліва. Гэтыя пытанні мы абмяркуем з госцем Беларускага Радыё Рацыя, праваабаронцам з вайсковым досведам Уладзімірам Вялічкіным:

РР: Спадар Уладзімір, вы як чалавек, які меў дачыненне да арміі, і чалавек з мінулым вайсковым, так скажам. Скажыце, як вы бачыце сітуацыю, якая цяпер развіваецца ва Украіне? Як гэта будзе датычна да Беларусі хуткім часам?

— Я думаю, сцэнары, што існавалі раней, яны паламаліся — асабліва пасля ўварвання ў Курскую вобласць украінскіх войскаў. Данбас апынуўся ў такім мяху. Але мяне больш непакоіць лёс Беларусі. Раней хадзілі чуткі ці думкі, тое, што Беларусь можа быць пацяшальным прызам, калі Расея пацерпіць няўдачу ва Украіне.

РР: Дык будзе прызам Беларусь, калі Украіна пераможа? Пераможа, можа быць перамовы адбудуцца, выгадныя таксама і для Украіны, а не такі ўльтыматум, які ставіў Пуцін?

— Я думаю, што тут усё залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва і чынавенства Рэспублікі Беларусь, таму як з Расеяй мы ўсе бачым адносіны складаныя, і нягледзячы на тое, што шмат агентуры запампавана за ўсе гэтыя гады ў Рэспубліку Беларусь. Шмат хто з сілавікоў, нейкіх іншых дзяржаўных структураў праходзілі падрыхтоўку на тэрыторыі Расеі. Здаецца, такія ўплывы Расеі на Беларусь вельмі моцныя, але Аляксандр Рыгоравіч трымаецца за ўладу да апошняга, ісці не хоча. Хоць адчувае, што ўжо памрэ і пачынае мяняць законы, каб яго ніхто не крыўдзіў. Мы бачым адначасова, што яго не любіць і не даруе яму ўвесь беларускі народ, таксама на Захадзе ніхто з ім размаўляць не хоча. То бок усе чакаюць калі… Але Аляксандр Рыгоравіч рыхтуецца да таго, каб усё ж такі пакінуць пасаду і забяспечыць бяспеку сабе і сваёй сям’і.

РР: Лічыце, што ён не будзе балатавацца на выбары 2025 году?

— Не хачу казаць, будзе ён ці не будзе балатавацца, як гэта будзе выглядаць — гэта асобная тэма размовы. Але ўсе мы бачым, што ён рыхтуе нейкага пераемніка, нейкага Крутога (гэта прозвішча такое — Крутой). І водгукі пра гэтага Крутога, што гэты чалавек „сабе на ўме“ і дыпламат: кажа адно, думае другое, робіць трэцяе.

З нашым госцем, праваабаронцам Уладзімірам Вялічкіным, размаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя