Не пра Лукашэнку, а гаворка пра краіну. Як ў беларускай дэмакратычнай супольнасці трактуюць выказванні Уладзіміра Зяленскага пра беларусаў. Пазіцыя па Беларусі Кіева мяняецца, але да чаго гэта можа прывесці? Як адпраўная кропка – персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі, якія ўвёў Кіеў.

У сваім выступе пра санкцыі Уладзімір Зяленскі характэрна выказаўся пра беларусаў:
– Мы будзем працаваць з нашымі партнёрамі ў рэгіёне і ва ўсёй Еўропе, а таксама з глабальнымі партнёрамі, каб яны цалкам усведамлялі, з чым маюць справу, калі ідзе пра рэжым у Беларусі. Беларусь – краіна людзей, гэты народ нельга губляць для Еўропы. Але тую асобу, якая ставіць Беларусь на службу Расеі, дакладна варта згубіць.
Уладзімір Зяленскі выразна падзяляе сваё стаўленне да беларускага народа і да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пазіцыя Украіны цяпер: падтрымка еўрапейскай будучыні Беларусі пры ўзмацненні ціску на кіраўніцтва ў Менску. Пра асноўнае з выказванняў украінскага лідара кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай – Франак Вячорка:
– Прэзідэнт Зяленскі ўсё правільна сказаў, беларусы будуць толькі рады жыць без Лукашэнкі. Ніхто сумаваць па Лукашэнку таксама не будзе. І тое, што гэта гаворыць украінскі прэзідэнт, таксама важны мэсыдж для беларускай наменклатуры. Таму Лукашэнка ўсё. І не трэба за яго трымацца, не трэба яго ратаваць, а трэба думаць, як уратаваць краіну ад Лукашэнкі і ад Расеі, якая безумоўна на Беларусь паклала сваю лапу.
Уладзімір Зяленскі называе беларусаў “еўрапейскім народам”, які нельга губляць для Еўропы. Кіеў у сераду увёў персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі тэрмінам на 10 гадоў, яны ўключаюць блакаванне актываў.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






