Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у Варшаве падпісалі ўкраінска-польскае пагадненне аб бяспецы. Дакумент змяшчае практычныя ўзаемныя абавязацельствы, а не пустыя абяцанні, падкрэсліў Туск пасля падпісання.

Палітык падкрэсліў, што падчас працы над пагадненнем ён і прэзідэнт Зяленскі вельмі імкнуліся да таго, каб яно не скончылася выключна дэкларацыямі добрай волі.
Падкрэслім, што ўсе краіны G7 і яшчэ 25 краін, у тым ліку Польшча, на леташнім саміце NATO ў Вільні ўзялі на сябе абавязацельствы заключыць пагадненні аб бяспецы з Украінай, якія з’яўляюцца гарантыяй падтрымкі Украіны з боку заходніх саюзнікаў. Пагадненні з Кіевам ужо падпісалі 19 дзяржаў і Еўразвяз як супольнасць – адзначыў польскі прэм’ер.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо знаходзіцца ў Варшаве, паведамляе RMF. Урадавы інфармацыйны цэнтр паведаміў, што ў 13.10 Зяленскі сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам, а ў 14.00 – з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Зяленскі прыбыў у Варшаву за дзень да пачатку саміту NATO у Вашынгтоне.

Украінскі прэзідэнт павінен падпісаць двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі ў Польшчы. Прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск у канцы чэрвеня заявіў, што «дамовіўся аб размове з прэзідэнтам Украіны ў Варшаве перад самітам NATO».
Саміт НАТА пройдзе ў Вашынгтоне 9-11 ліпеня, у 75-ю гадавіну заснавання альянсу. Саміт будзе прысвечаны, у тым ліку, далейшай падтрымцы з боку заходніх краін Украіны, хоць Кіеў не атрымае афіцыйнага запрашэння ўступіць у NATA.
Прэзідэнт Анджэй Дуда падчас паседжання Рады нацыянальнай бяспекі напярэдадні саміту НАТA заявіў, што важным пунктам саміту будзе «прыняцце рашэнняў, каб зрабіць шлях Украіны ў НАТA незваротным». Як сказаў прэзідэнт, справа ў тым, каб Украіна сама вырашыла, ці хоча яна ўступаць у Альянс.
У дзень візіту Уладзіміра Зяленскага ў Польшчу Расея двойчы нанесла ўдары з паветра па абʼектах ва Украіне.