Каманда BELPOL правяла новае расследаванне пра алмазны афшор, то-бок, як Расея абыходзіць санкцыі праз Беларусь у продажы алмазаў. Як два рэжымы выкарыстоўваюць адзін аднаго, атрымліваючы велічэзныя сумы.

Пра абыход санкцый і мільярдныя патокі ад продажу алмазаў мы пагаворылі з нашым госцем, супрацоўнікам BELPOL Уладзімірам Жыгарам:
РР: Як вам удалося вызначыць сувязь паміж павелічэннем імпарту алмазаў-сырцоў з Расеі і рэзкім ростам экспарту шліфаваных алмазаў з Беларусі?
Уладзімір Жыгар: BELPOL яшчэ год назад пачаў працаваць з гэтымі дакументамі. І нам нашы крыніцы ў Беларусі настойліва рэкамендавалі звярнуць увагу на адну беларускую кампанію, якая нібыта не вылучаецца, яна нядаўна была зарэгістравана. Але, як аказалася, яна выконвае вельмі важную функцыю пры абыходзе санкцый, якія існуюць у адносінах да расейскіх алмазаў. І калі мы пачалі больш падрабязна працаваць з матэрыяламі, пачалі атрымліваць яшчэ больш матэрыялаў, то зразумелі, што гэта вялікая схема, якая ў прынцыпе па сваёй прыродзе вельмі падобная на тое, што здзяйсняе Расея пры продажы нафтапрадуктаў.
Гэта вялікі ланцуг кампаній, вельмі многія з іх фінансавыя – гэта перадусім банкі. І гэтая схема створана такім чынам, каб заблытаць пошук канечнага спажыўца, або нейкі правяраючы орган, каб не было разумення адкуль насамрэч ідуць гэтыя алмазы. І калі мы цалкам пабачылі ўсю гэтую схему, калі мы пабачылі колькасць алмазаў, якія перавозяцца ў мяхах, калі мы пабачылі колькасць грошай, якія перавозяцца наяўнымі таксама ў мяхах, мы прадставілі гэтую інфармацыю нашым партнёрам, яшчэ напачатку лета, і зрабілі дадатак да гэтага – публічны матэрыял, які мы выпусцілі тыдзень таму.
РР: Ці сустракалі вы сур’ёзныя перашкоды падчас збору інфармацыі?
Уладзімір Жыгар: У нас не было нейкіх праблем са зборам інфармацыі. Проста інфармацыя збіралася дастаткова доўга, мы доўга спрабавалі разабрацца ў гэтай схеме. Таму што схема не зусім тыповая для нас, хоць яна ў прынцыпе стандартная схема, якія выкарыстоўваюць пры абыходзе санкцый. Але нам было важна пабачыць яе цалкам, таму што калі мы прадставілі інфармацыю нашым партнёрам, яны былі ўражаны гэтай інфармацыяй, бо, як правіла, калі ідзе разгляд такіх схем абыходу санкцый, нашы партнёры бачаць толькі асобныя фрагменты, якія не з’яўляюцца сістэмаўтваральнымі ў гэтай схеме. А мы прадставілі інфармацыю цалкам, дзе бачна ўся лагістыка, бачна як гэта працуе, бачна як перамяшчаюцца грузы, хто з’яўляецца канечным адпраўніком, хто з’яўляецца фірмамі-пракладкамі, хто з’яўляецца канцовым пакупніком. І мы рабілі ўсё максімальна канфідэнцыйна, усе нашы крыніцы добра абаронены, работы па гэтым кірунку ўжо не вядуцца, яна цалкам падрыхтаваная і цяпер яна патрэбная нашым партнёрам для ўвядзення санкцый і адэкватнай рэакцыі.

РР: Наколькі, на вашую думку, улады Беларусі ўдзельнічаюць у гэтай схеме?
Уладзімір Жыгар: Мы абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэтая схема створана і мае апеку непасрэдна Лукашэнкі. Таму што ўсе кампаніі, усе прадпрыемствы, канкрэтныя банкі, якія ўдзельнічаюць у гэтай схеме, – гэта ўсё дзяржаўныя банкі, і асабліва характэрна тое, што ўдзельнічае такая структура як РУП «Спецсвязь», гэта фельд’егерская служба. І таму мы абсалютна ўпэўнены ў тым, што рэжым Лукашэнкі дакладна ведае пра гэтую схему, ён непасрэдна ў ёй удзельнічае і мае з гэтага пэўныя бонусы, недзе да 15% ад агульнага абароту грашовых сродкаў, якія атрымлівае з гэтага Расея.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






