BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзімір Жыгар: Беларуская прамысловасць становіцца на ваенныя рэйкі

Госць Радыё Рацыя — прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар. Гутарым з ім пра тое, як насамрэч Беларусь уцягнутая ў вайну супраць Украіны — ваеннай вытворчасцю, сумеснымі з РФ закандаўчымі актамі ды іншым.

РР: Я ведаю, што BELPOL нядаўна рабіў уласны адмысловы матэрыял – расследаванне пра тое, ці рыхтуецца Беларусь да вайны. І вось першае пытанне: у галіне расейска-беларускага заканадаўства што цяпер адбываецца? Ці нешта сведчыць пра ўзмоцненую мілітарызацыю?

Уладзімір Жыгар: Калі разглядаць заканадаўства, то зараз асноўны фактар, які паказвае пра залежнасць Беларусі ад Расеі ў ваенным плане – гэта ратыфікаваны дагавор пра гарантыі бяспекі Саюзнай Дзяржавы, пра які мы распавядалі яшчэ ў студзені 2024 года. Ён ратыфікаваны. І цяпер атрымліваецца, што напад на любую краіну Саюзнай дзяржавы – гэта значыць напад на Саюзную Дзяржаву. Асабліва выклікае вялікую трывогу ў нас – там пералічаны экстрэмісцкія фармаванні, Лукашэнка усіх сваіх апанентаў называе або экстрэмістамі, або тэрарыстамі, таму калі гаварыць з пазіцыі нейкіх законаў, нарматыўных актаў, то, канешне, гэты дагавор з’яўляецца асноўным у гэтым накірунку.

РР: А што датычыцца практыкі, ці адбываюцца нейкія вучэнні, ці пастаўляецца нейкая зброя, напрыклад, той жа знакаміты «Арэшнік»?

Уладзімір Жыгар: Зброя і камплектуючыя пастаўляюцца з Беларусі ў Расеі, або плануюцца для выпуску на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Сёння недзе 300-400, магчыма нават 500, беларускіх кампаній працуюць у інтарэсах выпаўнення дзяржабаронзаказаў. Гэта ўсе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, усе прадпрыемствы ВПК Рэспублікі Беларусь, а таксама каля 200 камерцыйных структур, якія як дапамагаюць у выкананні дзяржабаронзаказу, так і дапамагаюць абыходзіць санкцыі для прадпрыемстваў Беларусі і Расеі. Калі мы гаворым, напрыклад, пра прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці, гэта дапамога таго ж самага БелАЗа, калі мы гаворым пра ВПК – то гэта той самы «Планар», а калі гаварыць пра камерцыйныя структуры, гэта такія, як напрыклад, «Лаборатория Аддитивных Технологий». То бок, усе гэтыя кампаніі ў сукупнасці дапамагаюць Расеі.

У многіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выхад на вытворчыя магутнасці запланаваны на 2027-2028 год. На той час Беларусь спадзяецца, прынамсі рэжым Лукашэнкі імкнецца зрабіць максімум, – на 100-працэнтную лакалізацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь усяго таго, што плануецца вырабляць у інтарэсах, я б сказаў, усё ж такі, расейскай арміі, а не арміі саюзнай дзяржавы, або непасрэдна для Беларусі. Чаму? Бо такія аб’ёмы не патрэбныя Беларусі. І гэта падводзіць нас да такой высновы, што ўсё гэта вырабляецца для расейскай арміі. У 2027-2028 гадах прадпрыемствы Беларусі будуць у стане вырабляць да 300 тысяч ракет да РСЗА «Град», таксама будуць вырабляць каля 450 тысяч артылерыйскіх снарадаў, 100 тысяч беспілотных лятальных апаратаў. Працягваецца мадэрнізацыя расейскай тэхнікі ўсталяваннем на іх беларускіх прыцэлаў, вырабляюцца таксама мікрачыпы прадпрыемствамі «Планар» і «Інтэграл», якія затым выкарыстоўваюцца пры камплектацыі расейскіх ракет, вырабляюцца шасі для мабільнага комплексу «Арэшнік» і шмат чаго іншага.

РР: І як вы лічыце, 2027 год будзе нейкім пераломным ў гэтай вайне? Ці пачаткам нейкага новага этапу?

Уладзімір Жыгар: Гэта тое, што мы гаворым нашым партнёрам падчас нашых брыфінгаў, тое, пра што мы гаворым у шматлікіх нашых інтэрв’ю: выхад на вытворчыя магутнасць у 2027 – 2028 год і ўмоўна 29-30-ы – гэта такі момант, калі можа штосьці адбыцца. Запасы ўзбраення будуць адноўлены, расейская армія разумее, што такое вайна ў 21 стагоддзі ў цэнтры Еўропы, што трэба, што карысна, што не карысна. І калі казаць пра карыснае, то Беларусь будзе вырабляць найбольш якасную зброю для сучаснай вайны. І мы мяркуем, што магчыма ў 29-30-ым годзе адбудзецца новы ваенны віток, які ўжо будзе скіраваны не толькі супраць Украіны, колькі супраць краін Еўрапейскага звязу.

Цалкам матэрыял:

Уладзімір Жыгар зазначае — толькі сумесныя, паступовыя і лагічныя дзеянні заходніх партнераў будуць эффектыўнымі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя