Польская Камісія па вывучэнні расейскага і беларускага ўплыву прадставіла папярэднія вынікі сваёй працы. Генерал Яраслаў Строжык, старшыня Камісіі, указаў на выпадкі наўмыснага паслаблення бяспекі Польшчы, а таксама знішчэнне патэнцыялу польскіх спецслужбаў, контрвыведкі. Яшчэ адзін агучаны элемент — гэта фінансаванне польскімі кампаніямі замежных структураў, якія падтрымліваюць расейскія інтарэсы ў ЗША.

Уладзімір Жыгар
Сітуацыю з пункту гледжання бяспекі беларусаў у выгнанні пракаментаваў прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар:
– Быў толькі папярэдні даклад. Гэтая камісія працуе з лета 2024 года. Яна прадставіла папярэдні даклад, які больш асноўваецца хутчэй на навуковых падыходах. Таму што там з 15-16 прадстаўнікоў гэтай камісіі – гэта перадусім прафесары, дактары навук. Толькі адзін супрацоўнік польскай спецслужбы і адзін ваенны.
У беларускіх дэмакратычных сілаў такіх структур няма. Нельга параўноўваць магчымасці дзяржавы, дзяржаўных органаў Еўразвязу і такіх структур як BELPOL. Таму што мы структура, у якую хоць і ўваходзяць людзі з пэўнымі ведамі, але ўсё роўна мы не можам цалкам замяніць дзяржаўныя органы і не можам займацца аператыўна-вышуковай дзейнасцю на тэрыторыі краін Еўразвяза. Так, пэўную частку працы мы выконваем, робім у рамках тых магчымасцяў, якія ў нас ёсць. Але цалкам назваць нас такой камісіяй, канешне, нельга.
РР: На колькі, падчас вашай дзейнасці, заўважна, што сапраўды беларускі і расейскія спецслужбы дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы?
Уладзімір Жыгар: Тут важна разлічаць, пра што гаворыць гэтая камісія, з аднаго боку, і з іншага – з досыць стэрэатыпнымі падыходамі многіх беларусаў. Камісія больш гаворыць пра дзейнасць расейскіх спецслужб, якія займаюцца дэзінфармацыяй, укладаюць пэўныя грашовыя сродкі ў некаторыя СМІ, у фэйкі, якія разганяюцца, і ў розныя патрэбныя для Крамля наратывы.
Калі казаць, што спецслужбы Беларусі палююць на беларусаў у Еўразвязе, то такога хутчэй няма. Так, бываюць, канешне, адзінкавыя выпадкі, калі, напрыклад, людзей спрабуюць вербаваць, і ў спецслужбаў Беларусі гэта атрымліваецца. Але нельга казаць, што гэта мае нейкі масавы характар. Гэта проста перманентны ціск на беларусаў у выгнанні. Мінула ўжо не год і не два, многія людзі ў прынцыпе вызначыліся ў сваім жыцці, у сваёй будучыні. І рэжыму ўсё складаней вербаваць гэтых людзей. Але, зноў-такі, такія выпадкі ёсць, аднак, паўтаруся, яны не маюць масавага характару. І гэта зусім не тое, з чым працуюць палякі адносна расейскіх спецслужб.
Цалкам матэрыял:
Вядома, што польская Камісія па расследаванні ўплыву Расеі і Беларусі працягне працу. Верагодна, яна прадставіць справаздачу пра дэзінфармацыю ў лістападзе, а штогадовы даклад будзе прадстаўлены ў сакавіку 2025 года.
Беларускае Радыё Рацыя






