Уладзімір Жыгар
“Госць Рацыі” — прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар. Ён каментуе з’яўленне расейскіх дронаў-камікадзэ ў паветранай прасторы Беларусі, а таксама распавядае пра новае расследаванне ініцыятывы.
РР: Чатыры баявыя дроны прыляцелі ў Беларусь. Дзе ж наша супрацьпаветраная абарона?
Уладзімір Жыгар: Па нашай інфармацыі гэтыя дроны, скажам так, яны былі бачныя, але ніхто не адважыўся іх збіваць. Такой каманды не паступіла. Гэта чарговы раз паказвае, якая марыянетачная беларуская армія. Бо па вялікім рахунку яна не выконвае тое, што абавязана выконваць. Яна рэгламентуе сваю дзейнасць выключна адштурхоўваючыся ад волі вярхоў.
РР: Як яны на вашу думку ўвогуле апынуліся ў Беларусі?
Уладзімір Жыгар: Па вялікім рахунку – гэта паказчык таго, хто на самой справе грае ролю першай скрыпкі – гэта Крэмль. Яны будуць рабіць тое, што хочуць. У тым ліку могуць запускаць свае дроны, каб яны ляталі праз Беларусь. Гэта свайго кшталту паказчык моцы, што Лукашэнка не адважыцца збіваць гэтыя дроны. Таксама Лукашэнка не можа нічога зрабіць і прад’явіць штосьці Крамлю.
РР: Наколькі небяспечныя знаходжанне дронаў у беларускай паветранай прасторы?
Уладзімір Жыгар: Гэта вельмі небяспечна для грамадзян Беларусі, бо мы бачылі кадры з Украіны, дзе гэтыя “Шахеды” траплялі ў дамы і якую шкоду яны наносілі. Тым больш, калі мы кажам пра тое, што яны фактычна могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без нейкага кантролю і ўпасці яны могуць дзе заўгодна. Канешне гэта вельмі небяспечная зброя, якую выкарыстоўвае Пуцін, уцягваючы Лукашэнку.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Прадстаўнік BELPOL нагадвае — можна колькі заўгодна замоўчваць з’яўленне дронаў у беларускім небе ці змагацца з кніжкамі. Але дзякуючы неабыякавым ініцыятыўным беларусам праўда усё роўна будзе вядома.
Беларускае Радыё Рацыя