22 студзеня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся завочны разгляд крымінальнай справы супраць удзельнікаў ініцыятывы ByPol, у якую ўваходзілі былыя беларускія сілавікі.
З шасцярых удзельнікаў справы цяпер у ByPol застаўся толькі Аляксандр Азараў. Пяцёра астатніх – у новай ініцыятыве BELPOL. Гэта Андрэй Астаповіч, Уладзімір Жыгар, Алег Талерчык, Ігар Лобан і Мацвей Купрэйчык.

Пра суд над гэтымі людзьмі пра і іншыя справы сілавых структур у Беларусі мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, супрацоўнікам BELPOL Уладзімірам Жыгарам:
РР: Ці ёсць інфармацыя пра справу? Што вам вядома?
– Папраўдзе, нічога. Калі б незалежныя журналісты не нагадвалі б нам пра гэтую справу, то мы, мабыць, нават бы пра яе і не ўспомнілі. З намі ніхто з Беларусі не спрабаваў звязацца, ніякую інфармацыю нам з Беларусі, вядома, не дасылалі. Не было прапановаў азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, таму мы нічога пра ход гэтай справы не ведаем і нюансы гэтай справы таксама не ведаем.
РР: Вам не прапанавалі адваката, ці вы самі, можа, наймалі?
– Не. Наколькі мы зразумелі са здымкаў, у нас ёсць, аказваецца, нейкі адвакат, за якога мы, імаверна, грошы будзем плаціць віртуальна. І прысуд таксама будзе віртуальны. Але не, з намі ніякі адвакат не звязваўся, ніхто не прапаноўваў нам паслугі адваката.
РР: Цікава, суд ужо ідзе з 22-га, а вы нічога не ведаеце. Можа ведаеце ўсё ж, якія вам прыляпілі артыкулы?
– Ёсць усе крымінальныя справы, якія напісалі на сайце Следчага камітэта, пракуратуры і ніякіх іншых, колькі нам вядома, крымінальных артыкулаў няма па гэтай крымінальнай справе. Ну нам, папраўдзе, да гэтага няма ніякай справы, бо ва ўмовах, калі ў Беларусі некалькі тысяч палітычных зняволеных рэальных, якіх катуюць, якіх пазбаўляюць перадач, якім не даюць лісты. Вось гэтыя, скажам так, завочныя суды, гэта несур’ёзна. Ва ўмовах, калі некалькі сотняў тысяч беларусаў прайшлі праз катаванні, калі мільёны беларусаў зʼехалі з Беларусі, калі фактычна Беларусь зʼехала з Беларусі, неяк ставіцца сурʼёзна да гэтага судзілішча, да гэтай паказухі, у нашай арганізацыі няма ніякага жадання.
РР: А якія асноўныя прэтэнзіі да вас? Чаму яны ўзбудзілі гэтую справу? Я думаю, яны ўжо некалькі гадоў вядуць гэтую справу. 60 тамоў, дык трэба час, каб іх стварыць. Ці можа ў іх і хутка гэта робіцца. Чаму яны стварылі гэты прэцэдэнт і гэты суд распачалі?
– Наш завочны суд – гэта ж не першы суд над прадстаўнікамі, скажам так, дэмакратычнай супольнасці. Ім неабходна даваць справаздачу перад Лукашэнкам, ім неабходна даводзіць да канца вось гэтыя крымінальныя справы, якія б яны там ні былі смешныя, якія б там ні былі наіўныя і сфальсіфікаваныя доказы. Ім не трэба, каб былі, скажам так, прыпыненыя крымінальныя справы, якія ляжаць у архіве. І тут 60 тамоў ці 70 тамоў. Там, імаверна, большасць тамоў – гэта нашы інтэрвʼю, якія мы давалі за ўсе гэтыя гады, і ўсе гэтыя інтэрвʼю былі раздрукаваныя і ўкладзеныя ў матэрыялы крымінальнай справы. Такая цяпер Беларусь. Тыя, хто выконвае загад, я б сказаў, гэта па-за разумным сэнсам.
Пра вынікі суду мы абавязкова паведамім слухачам Радыё Рацыя. А нашым паважаным так бы мовіць абвінавачаным мы пажадаем поспехаў у вельмі важнай іх працы ў барацьбе з рэжымам.
Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя






