Ці магчымы Менск-3? З пятнічнае тэлефоннае размовы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Лукашэнкам вынікае, што так. Па словах Трампа, ён «з нецярпеннем чакае на сустрэчу з прэзідэнтам Лукашэнкам у будучыні». Набліжаны да Лукашэнкі тэлеграм-канал паведамляе, што той запрасіў «Трампа з сям’ёй у Менск, і гэтае запрашэнне было прынятае».

Такі візіт можа адбыцца з нагоды перамоў аб завяршэнні вайны ва Украіне, не выключае намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка:
– Пагадзіцеся, калі ён кажа пра магчымую сустрэчу. Ну дзе ёй адбыцца? Ён паедзе на Аляску на другі раўнд перамоваў разам з Зяленскім. Ці ён паедзе ў Эмірата? А навошта там Лукашэнка? Там ён абсалютна непатрэбны. Таму хутчэй за ўсё Пуціну было б выгадна правесці менавіта Менск-3. Паказаць працяг гэтага перамоўнага працэсу, які быў закладзены раней.
У гэтай жа сувязі, на думку Латушкі, Трамп гаварыў з Лукашэнкам пра магчымасць вызвалення 1300 зняволеных.
– Мы вельмі ясна, адназначна даводзілі амерыканскаму боку. Умовай павінны быць людзі – іх жыццё, лёс і спыненне ўсіх рэпрэсій. Мы не можам сабе ўявіць сітуацыю, калі, напрыклад, прэзідэнт ЗША, а калі гэтыя перамовы будуць пашыраны на прадстаўнікоў Еўрапейскага звязу, гэта выключаць нельга, прыедуць у Беларусь, дзе мы чуем галасы, крыкі ад пакутаў, беларускіх палітвязняў, якіх збіваюць у беларускіх турмах. Гэта недапушчальна, гэта непрымальна, гэта нашая пазіцыя.
У сваю чаргу старшыня АПКБ Святлана Ціханоўская выказала падзяку прэзідэнту ЗША «за яго намаганні вызваліць палітычных зняволеных у Беларусі і дапамагчы нам аднавіць мір і справядлівасць». Разам з тым Ціханаўская зазначыла, што пакуль рэжым Лукашэнкі не спыніць рэпрэсіі цалкам і не вызваліць усіх нявінных людзей з турмаў ніякіх зменаў у палітыцы адносна афіцыйнага Менску быць непавінна.
Беларускае Радыё Рацыя






