BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Усё залежыць ад таго, наколькі ў іранскага рэжыму хопіць сродкаў весці баявыя дзеянні”

Сёння, 24 чэрвеня, было заяўлена аб пачатку рэжыму спынення агню ў ваенным канфлікце Ізраіля і Ірана. Пасля таго, як ізраільскія і іранскія афіцыйныя асобы пацвердзілі рэжым спынення агню, бакі яшчэ раз абмяняліся ўдарамі, аднак пасля паведамленняў пра новыя парушэнні не паступала.

Фота: aa.com.tr

Сітуацыю каментуе Госць Рацыі – грамадзянін Ізраіля, які нарадзіўся і жыў у Беларусі, Ігар Рубінштэйн. Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль:

РР: Як бы Вы маглі ахарактэрызаваць сённяшнюю сітуацыю ў Ізраілі?

Ігар Рубінштэйн: Сітуацыю можна ахарактэрызаваць адным слова – вайна. Гэта сапраўды тое, што ёсць. Ёсць ракеты, па некалькі разоў на дзень жыхары большай часткі краіны ідуць у бомбасховішчы,  ёсць нейкія пэўныя дзеянні ваенна-паветраных сіл у небе над Іранам. То бок, паўнавартасная вайна.

РР: Ці для вас гэтая сітуацыя была чаканай?

Ігар Рубінштэйн: Тут ніхто не быў шакаваны тым, што калісьці трэба будзе пачаць нейкую гарачую фазу супрацьстаяння з Іранам. І што Іран дасць нейкі зваротны ўдар. І гэта было пытаннем часу, уласна кажучы, кожны, хто ўсведамляе тое, што адбываецца ў свеце, тое, што адбываецца ў рэгіёне, ён чакаў гэтага. І гэта тое, што ёсць. Калі гаварыць нейкімі вайсковымі катэгорыямі, чакалі нават нечага больш жудаснага ў сэнсе статыстыкі.

РР: Як баявыя дзеянні зараз паўплывалі на вашае жыццё?

Ігар Рубінштэйн: У Ізраілі ўведзены рэжым вайны. Няма заняткаў у школах, няма садкоў, няма нейкіх культурных мерапрыемстваў. Працуюць толькі тыя ўстановы, якія лічацца жыццёва неабходнымі – гэта супермаркеты, аптэкі, нават спартовыя залы і фітнэс-клубы не працуюць. Гэта значыць, што людзі сядзяць па дамах, што дзеткі дома. Вайна ўплывае на жыццё цывільных.

РР: Ці робяцца прагнозы, як надоўга зацягнецца такі стыль жыцця?

Ігар Рубінштэйн: Прагнозы робяць тыя, каму няма чаго рабіць. Нам сказалі ў самым пачатку баявых дзеянняў, што гэта на два тыдні. Зараз ідзе ўжо другі тыдзень. Але ўсё залежыць ад таго, наколькі ў іранскага рэжыму ёсць яшчэ сродкі весці баявыя дзеянні. Калі яны скончацца, гэта будзе азначаць канец той гарачай фазы вайны. Калі ў іх ёсць яшчэ тыя ракеты, якія могуць трапляць у цывільную інфраструктуру, у дамы, бальніцы, то ён будзе працягваць гэта рабіць, і мы будзем працягваць пражываць гэтае ваеннае становішча.

РР: Што кажуць палітыкі, ці можа гэтая вайна перарасці ў ядзерную?

Ігар Рубінштэйн: Я не думаю. Тое, што здарылася, вельмі моцна адхіліла ядзерную пагрозу. Ніхто, як я разумею, прымяняць ядзерную зброю не збіраецца больш. Ёсць тыя, хто не збіраецца, ёсць тыя, у каго яе ўжо няма ці не будзе ў бліжэйшы час. Так што вайна працягнецца іншымі сродкамі – ракеты, балістыка. Гэта не ядзерная зброя, але гэта вельмі знішчальны, патэнцыйна вельмі небяспечны мае характар. Таму, паглядзім, што будзе.

Як заявіў Дональд Трамп, пасля заканчэння 24 гадзін, наступіць “афіцыйнае спыненне 12-дзённай вайны”. Разам з тым Ізраіль анансаваў рашучы адказ на парушэнне Іранам перамір’я.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя