Як у Беларусі караюць за падтрымку Украіны. Латушка: Агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3 500. Пракуроры сталі ўзбуджаць справы нават без заяў. Як выправіць сітуацыю з хатнім гвалтам у РБ?

Беларускія праваабаронцы распавялі для RFI, як цягам трох гадоў вайны беларусаў пераследуюць за праўкраінскія погляды і дзеянні.
“41 чалавек асуджаны за данаты беларускім добраахвотнікам, за намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя 30 чалавек, за перадачу фота і відэа расейскай ваеннай тэхнікі ў медыя перад судом паўсталі 93 чалавекі. Актыўнаму пераследу падвяргаюцца і ўкраінцы ў Беларусі. Пры ўездзе ў Беларусь іх пільна даглядаюць і дапытваюць спецслужбы, а некаторых не ўпускаюць без тлумачэння прычын. Некаторыя ўкраінцы падвяргаюцца крымінальнаму пераследу за “агентурную дзейнасць”, “спробы дыверсій” і “шпіянаж”. На сёння ў Беларусі асудзілі як мінімум 13 грамадзян Украіны. Агулам за падтрымку Украіны ў Беларусі асудзілі як мінімум 209 чалавек, сярод якіх 38 жанчын. 41 чалавек асуджаны за данаты беларускім добраахвотнікам. Звычайна ўлады расцэньваюць данаты як “фінансаванне вайны”, адпаведна судзяць беларусаў па абвінавачанні ў “фінансаванні ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях”. За жаданне ваяваць на баку Украіны судзяць па фармулёўцы “ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы або падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу”. Па гэтым артыкуле асуджаныя як мінімум 30 чалавек. Яшчэ да пачатку вайны беларусы актыўна перадавалі ў маніторынгавыя праекты і СМІ фота і відэа перамяшчэння расейскай вайсковай тэхнікі. Практычна ўсе незалежныя беларускія СМІ і маніторынгавыя ініцыятывы зараз прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». У гэтым выпадку беларусы падвяргаюцца крымінальнаму пераследу нібыта за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» або за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання». Асуджаныя 93 чалавекі. Таксама ў сувязі з вайной ва Украіне ў Беларусі судзяць за “здраду дзяржаве” і за “акт тэрарызму”. Па гэтых двух артыкулах асуджана 35 і 24 чалавекі. Праваабаронцы адзначаюць, што ў Беларусі працягваюць пераслед “за любую публічную падтрымку Украіны або за выказванне адмоўнага стаўлення аб вайне ў суседняй краіне”. Прычынай пераследу можа стаць лозунг «Слава Украіне» ці сцяжок жоўта-блакітнага колеру на аватарцы ў сацсетках. За гэта пагражае адміністрацыйны арышт ці грашовы штраф. Часам справа даходзіць і да калоніі”, – перадае французскае радыё.
“Агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3 500”, – цытуе намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі Polskie Radio з нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву.
“Паводле сабраных даных, агульная колькасць гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей у Беларусь ужо перавысіла 3500 чалавек. З лістапада 2024 года па студзень 2025 года мінімум 7 груп дзяцей былі незаконна перамешчаныя з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасць з іх – з Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласцей Украіны. Не менш як 120 дзяцей сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі. Сабраныя НАУ дакументы ўтрымліваюць звесткі пра даты і месцы знаходжання дзяцей, абставіны іх перамяшчэння, праграмы іх знаходжання ў Беларусі. У 2023 годзе НАУ двойчы перадавала МКС матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл дамагаюцца выдачы ордара на арышт Лукашэнкі”, – падкрэслівае Polskie Radio.
“Кожны год у Беларусі фіксуецца больш за 50 забойстваў і больш за 100 выпадкаў цяжкіх збіванняў, учыненых жанчынамі. Усяго ў міліцыю паступае каля 80 тысяч зваротаў аб гвалце ў сям’і. Маштаб праблемы стаў такім, што справы па фактах хатняга гвалту сталі адчыняць нават без заявы пацярпелых”, – паведамляе DW.
“Экс-палітвязня Дар’я Афанасьева часта сустракала ў СІЗА і калоніі жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Як правіла, яны былі асуджаныя за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, забойства або замах на пазбаўленне жыцця. “На судзе можа прысутнічаць пацярпелы, які просіць не саджаць жанчыну, але ёй усё роўна даюць тэрмін як забойцы – ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. У большасці выпадкаў гэта жанчыны, якія знаходзіліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. І часта яны абаранялі не столькі сябе, колькі дзяцей”. Былы турэмны псіхіятр Павел Перапёлкін кажа, што існуючая сістэма хутчэй пагаршае і замацоўвае пачуццё бездапаможнасці і віны ахвяры. Як ім можна дапамагчы? Як расказвае праваабаронцы Наста Базар, большасць крымінальных спраў па хатнім гвалце застаюцца справамі прыватнага абвінавачання. Праваабаронца рэкамендуе пераводзіць іх у разрад прыватна-публічнага ці публічнага абвінавачання, “каб гэта было не толькі справай жанчыны, якая пацярпела ад гвалту”, – адзначае DW.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






