BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Узяць адказнасць”

Узяць адказнасць. Так пра сваю дзейнасць кажуць прадстаўнікі Каардынацыйнай рады. А гэта своеасаблівы протапарламент беларускай апазіцыі, які дзейнічае за мяжой. Зараз вядуцца дыскусіі адносна выбараў у гэты орган. Меркаванні і пытанні розныя, адно з іх: як заахвоціць беларусаў удзельнічаць у выбарчым працэсе. Сёння меркаванні – спікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава ды сяброў з рознымі пазіцыямі – Віталя Рымашэўскага ды Лізы Пракопчык.

РР: Дастаткова скептычна ў Беларусі людзі ставяцца да беларускага парламента. Там 110 так званых дэпутатаў, якія сядзяць і галасуюць за тыя рашэнні, якія прымае ўрад. А тут будзе 120 чалавек, нават трошкі больш сядзець. Вось як пераканаць людзей, што варта галасаваць за дэлегатаў Каардынацыйнай рады? Напрыклад, гучыць такая інфармацыя, што гэта мае быць пратэснае галасаванне. Што тыя людзі, якія супраць афіцыйных уладаў Беларусі, могуць не прагаласаваць за сваіх менскіх дэпутатаў, а могуць прагаласаваць за дэпутатаў, якія будуць у Каардынацыйнай радзе.

Ліза Пракопчык: Па-першае, тут варта падкрэсліць адрозненне дэпутатаў Лукашэнкі і дэпутатаў у Каардынацыйнай радзе. Людзі, якія сядзяць у палаце прадстаўнікоў, сядзяць на заробку, на вашых з намі падатках. Проста выдаткоўваюць грошы, каб падтрымліваць уладу Лукашэнкі. Роля Каардынацыйнай рады зусім іншая, гэта якраз-такі выпрацоўваць вось гэтыя шляхі для аб’яднання беларусаў, для пошуку рашэнняў тых праблем, якія мы маем па вяртанні людзей у Беларусь, па вызваленні палітзняволеных, па падтрымцы ваяроў ва Украіне і г.д. Таму што насамрэч у нас праблемаў шмат і такія важныя для беларусаў пытанні не могуць вырашацца вельмі вузкай групай людзей, там офісам Святланы Ціханоўскай ці АПК проста. Для абмеркавання такіх стратэгічных пытанняў патрэбная Каардынацыйная рада, патрэбна вось гэтае вялікае прадстаўніцтва. Каб  гэтае вялікае прадстаўніцтва сапраўды кагосьці прадстаўляла, трэба каб беларусы прыйшлі прагаласавалі і паказалі, каго яны насамрэч падтрымліваюць і хто насамрэч можа казаць і чые думкі адклікаюцца ў сэрцах беларусаў.

РР: Спадар Віталь, вось вы размаўляеце з беларусам, які пяць год таму выехаў з Беларусі і жыве, напрыклад, зараз у Польшчы, якія б аргументы вы зараз ужылі б, калі б ён увогуле спытаў: “А навошта мне ўвогуле за тую Каардынацыйную раду галасаваць, што яны там робяць?

Віталь Рымашэўскі: Калі мы хочам змяніць нашу краіну да лепшага, мы павінны зразумець, што адказнасць за гэтыя змены, за гэтую краіну трэба браць у свае рукі. Насамрэч заходнія краіны, якія жывуць неверагодна нашмат лепш, не параўнальна за Беларусь, за Расею, яны адрозніваюцца ад таталітарных краін толькі адным – тое, што тут, на Захадзе, грамадзяне бяруць адказнасць за сваю краіну. Можа, не ўсе, але большасць. Яны актыўна ўдзельнічаюць у палітыцы, яны абіраюць сваіх палітыкаў, ставяць на месца, калі палітыкі робяць штосьці не тое. І менавіта свядомасць адрознівае дэмакратычныя дзяржавы ад таталітарных дзяржаў. Пакуль не зменіцца свядомасць беларусаў, у нас не будзе каму будаваць гэтую краіну.

Калі беларусы, якія падтрымліваюць Лукашэнку, могуць сказаць, што вось мы абралі Лукашэнку і ён падавіў апазіцыю, ёсць людзі, якія так думаюць, гэта 10-15%, у Расеі такіх людзей за Пуціна ўвогуле большасць. То бок абралі сабе цара, і вось ён за нас усё вырашае.

Калі ў апазіцыянераў будзе такое ж самае стаўленне, вось у нас ёсць Святлана Ціханоўская, мы яе абралі, яна ў нас царыца, і няхай яна за нас усё вырашае. Гэта няправільны шлях, таму што адзін чалавек не можа эфектыўна прадстаўляць больш-менш значную супольнасць, турбавацца, таму што гэта не пад сілу ні аднаму чалавеку, ні вялікай камандзе.

Вось беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, павінны сфармаваць свой урад, які б іх прадстаўляў і бараніў. Ёсць шмат нараканняў на дзейнасць сённяшняй рады, і я ў прынцыпе адзін з першых крытыкаў Каардынацыйнай рады. Яна сапраўды вельмі мала надзяляла ўвагі праблемам простых беларусаў.

РР: Колькі тысяч, мільёнаў чалавек павінны паўдзельнічаць у гэтых выбарах, каб прызнаць іх сапраўднымі, бо мы заўсёды кажам, што вось патрэбная легітымнасць прадстаўнікам Каардынацыйнай рады?

Андрэй Ягораў: Мы мусім глядзець на сітуацыю рэалістычна, як яно ёсць. У Беларусі ўсталяваная вельмі жорсткая дыктатура, і людзям небяспечна галасаваць. І людзі будуць рызыкаваць у любым выпадку, калі яны пойдуць на альтэрнатыўнае галасаванне. Ім трэба захоўваць вось гэтую сваю бяспеку. І мы не маем адкрытыя медыя ў Беларусі, доступ да інфармацыі абмежаваны і таксама небяспечны для людзей. Больш-менш мы можам дасягаць свабоднага волевыяўлення грамадзянаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Але дыяспары жывуць па ўсім свеце, і гэта не адзіная сістэма інфармавання людзей. У гэтай сітуацыі мы не можам разлічваць на мільён выбарцаў.

Падрыхтоўчы працэс да выбараў у Каардынацыйную раду яшчэ працягваецца. А вось, напрыклад, улады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі сёння, 17 снежня, абвясцілі пра пачатак вылучэння кандыдатаў на выбары, якія адбудуцца ў канцы лютага наступнага года.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: rada.vision/by