BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ва Украіне пройдзе ІІІ Форум Астрожскага

Трэці форум Астрожскага пройдзе 16-17 лістапада ў Кіеве. Экспертная і палітычная пляцоўка, дзе важна абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў ды Украіны. Асабліва на фоне таго, што Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі сёння суагрэсар, а ў ЗША мяняецца ўлада. Там рэспубліканцы будуць кіраваць па ўсіх кірунках. Гэтыя ды іншыя аспекты з дарадцам Офісу Святланы Ціханоўскай абмеркаваў Улад Грынеўскі. Ён пагутарыў з Франкам Вячоркам, які зараз у Кіеве.

РР: Ужо былі сустрэчы ў Львове. Якія далейшыя планы і мэты?

Франак Вячорка: Прыехаў у Кіеў, каб паўдзельнічаць у канферэнцыі Астрожскага. Трэці раз адбываецца. Зараз будзе вялікая канферэнцыя з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, з украінскімі экспертамі, палітыкамі, чыноўнікамі. Мы сустрэнемся з дыпламатамі МЗС. У першую чаргу абмеркаваць пытанні беларусаў ва Украіне. Гэта легалізацыя, міграцыя. Другое, гэта як не дапусціць, каб Беларусь стала “суцяшальным прызам” для Пуціна ў выпадку мірных перамоваў па Украіне. І супраца на інфармацыйнай і культурнай прасторы, што неабходна беларусам і украінцам будаваць, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі. Правяду там цэлы тыдзень, паспрабую з украінскімі медыя як след паразмаўляць, падзяліцца думкамі.

РР: Канферэнцыя Астрожскага больш практычная ці тэарэтычная?

Франак Вячорка: Не скажу, што ў мяне нейкія завышаныя чаканні, таму што тэмы як былі летась і пазалетась, як былі тыя самыя праблемы, так яны і засталіся. Што мы рухаемся наперад, я б не сказаў. Вядома, адносіны палепшыліся ў дэмакратычных сілаў, чым гэта было ў 2022 годзе. Але праблемы ўсё роўна застаюцца. Нам не ўдалося пакуль збудаваць нейкую фармальную інстытуцыйную супрацу. Ёсць рэчы, якія ўдалося зрабіць для беларускіх добраахвотнікаў, Вярхоўная Рада змяніла заканадаўства, яны амаль ураўняныя ў правах з украінскімі ваярамі. Зараз дазволілі беларускім добраахвотнікам займаць афіцэрскія пасады. Але, напрыклад, беларусам, якія не ваююць, усё роўна вельмі цяжка з легалізацыяй. І адкрыццё банкаўскіх рахунакаў застаецца праблемай. Ясна, што Украіна ваюе, у яе свае праблемы, але трэба, каб было разуменне, што беларусы, якія тут, дапамагаюць Украіне перамагчы.

РР: Часта гаворым пра стасункі беларускай дэмакратычнай супольнасці ды Украіны. Нейкая дынаміка ёсць, але вельмі невялікая.

Франак Вячорка: Хацелася б большай дынамікі. Безумоўна, адносіны нашмат лепшыя. Прызначаны Ігар Кізім паслом па асаблівых даручэннях з дэмакратычнай Беларуссю. У нас ёсць спіс праблем і спосабы іх вырашэння. Там усё сабранае – ад пытанняў легалізацыі, да культурна-медыйнай супрацы. Проста трэба крок за крокам ісці, паступова вырашаць рознымі ведамствамі. Украіна таксама неаднародная. Многія рэчы трэба праводзіць праз Вярхоўную Раду. Зразумела, што беларуская тэма не прыярытэтная. Мы нашмат больш прасунуліся, чым у 2022 годзе, але яшчэ застаецца бальшыня праблемаў, якія не вырашаныя.

РР: Пасля выбараў у ЗША мяняецца кардынальна сітуацыя. Ці ў Офіса быў план на гэты конт? Для беларускай дэмакратычнай супольнасці гэта нешта кардынальна мяняе, ці ніякіх зменаў не будзе?

Франак Вячорка: Я не думаю, што памяняецца істотна палітыка. Дэмакраты і рэспубліканцы займаюць рашучую пазіцыю, не прызнаюць Лукашэнку. Нам важна захаваць стратэгічны дыялог. Важна захаваць падтрымку для незалежных медыяў.  Таму што ЗША з’яўляецца асноўным донарам для грамадзянскай супольнасці і незалежных беларускіх журналістаў. Важна, каб на міжнароднай арэне непрызнанне Лукашэнкі і падтрымка дэмакратычных сіл заставалася. Плюс, я думаю, ЗША маглі б аказваць большы ціску для вызвалення палітвязняў. Бо тэма палітвязняў для нас самая важная, але яна, магчыма, не на першым месцы ў заходніх партнёраў. І ЗША маюць найбольшы рычаг уплыву, каб нашых палітвязняў выцягнуць з турмаў.

Улада ў Амерыцы мяняецца. А адпаведна выпрацоўка новай стратэгіі супрацоўніцтва з адной з самых уплывовых краін свету – пытанне не толькі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Над гэтым дыскутуюць і ва Украіне, у Польшчы і больш шырока ва ўсім Еўразвязе.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя