Пачалася раптоўная праверка гатовасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных сіл Беларусі да выканання задач па прызначэнні, паведамляе Міністэрства абароны. На першым этапе будуць адпрацаваны пытанні аператыўнага заняцця прызначаных раёнаў, падрыхтоўкі іх у інжынерных адносінах, арганізацыі аховы і абароны, заступленні на баявое дзяжурства. У далейшым воінскім часцям і падраздзяленням трэба выканаць вучэбна-баявыя задачы. Для правядзення праверкі будуць задзейнічаны палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях. У гэты перыяд магчымы рух баявой тэхнікі па дарогах агульнага карыстання.

Напярэдадні Дзяржпагранкамітэт заявіў аб «нарошчванні сіл з украінскага боку» і заявіў пра магчымыя правакацыі. Ва Украіне адказалі, што на мяжы з Беларуссю нарошчваюцца абарончыя фартыфікацыі і правакацыі ў гэтым няма.






