У Кабінеце Святланы Ціханоўскай адбыліся змены, да яго далучыліся новыя людзі і атрымалі новыя пасады. Пра гэта было абвешчана на канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая праходзіла на гэтых выходных у Вільні.
Госць Рацыі – былы намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук заняў пасаду міністра абароны, афіцыйна яго пасада называецца прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Пра новую пасаду, вайну і беларускіх добраахвотнікаў з ім размаўляе наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.
РР: Якія ў вас будуць прыярытэты працы на новай пасадзе?
Вадзім Кабанчук: Тое, што і прапісана было ў дакументах, калі ствараўся дакумент. Гэта аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту і яго абарона. Вось гэта і ёсць прыярытэтныя задачы. Мы павінны, як я бачу, напоўніць яе зместам, каб былі не проста дэкларацыі.
Найперш, што нас цікавіць, гэта такая наўпроставая дапамога, бо ваяры ва Украіне цэняць канкрэтныя і практычныя дзеянні, таму што калі за славеснай рыторыкай мы далей не будзем рухацца, то які сэнс у гэтых усіх пераўтварэннях, рэформах.
РР: Казалі пра вашага папярэдніка, што ён збіраўся таксама арганізоўваць ці полк, ці нейкую іншую структуру з беларускіх ваяроў, з’ездзіў на некалькі дзён паваяваць, але нічога асаблівага ў выніку не было. Вы ўсё ж такі ваявалі, у вас вялікі вопыт?
Вадзім Кабанчук: Насамрэч у мяне невялікі вопыт баявых дзеянняў, за часы, калі была дэтэрарыстычная аперацыя, у мяне было каля 8-9 месяцаў знаходжання на самой лініі фронту. Калі пачалася ўжо поўнамаштабная фаза з 2022 года, я агулам на фронце быў каля двух месяцаў. Але я тут займаўся іншымі справамі ў палку, звязанымі з арганізацыяй і рэкрутынгам, і бяспекі, і лагістыкі. Калі мы фармаваліся практычна з колаў, то баі ішлі пад Кіевам і тады было ўсё ў такім пэўным, не тое, што хаосе, але яшчэ не было ўпарадкавана, таму я збольшага быў не на фронце, а менавіта ў камунікацыі з украінцамі і ўкраінскімі партнёрамі, бо падзеі развіваліся імкліва. Я вам скажу шчыра, мы чакалі, што, магчыма, яшчэ ўвойдзе лукашэнкаўская армія і далучыцца да гэтай агрэсіі, тады падзеі будуць разгортвацца непрадказальна, скажам так.
Але я атрымаў пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў яшчэ да гэтай поўнамаштабнай фазы як беларускі добраахвотнік. Мы, дарэчы, тады і ваявалі, і неяк існавалі толькі за кошт украінскіх валанцёраў, бо мы ж былі без кантрактаў і ніякім чынам не аформленыя.
РР: Раней людзі больш ахвотна ішлі на вайну, зараз зменшыўся гэты паток. Як вы лічыце, чаму?
Вадзім Кабанчук: Я думаю, што гэта звязана з чаканнямі людзей на хуткае вырашэнне вайны. Таксама ў мяне былі спадзяванні, асабліва калі ва Украіны былі яўныя поспехі на фронце, што перамога хутчэй будзе схіляцца на наш бок. Але маем, што маем. Вы ж бачыце, што Украіна сутыкнулася з такой навалай, што ўласных рэсурсаў ёй не хапае, а тыя рэсурсы, што ёй зараз даюць хаўруснікі, замала дзеля таго, каб не тое, каб перайсці ў контрнаступ сур’ёзны, а нават, каб трымаць стабільную лінію фронту. Будзем спадзявацца, што гэтая дапамога Украіне не аслабне, таму што Украіна, так без пафасу, трымае зараз удар на сябе, трымае ўдар за ўсю Еўропу. Не дай Бог падзе Украіна, гэты ж канфлікт будзе распаўсюджвацца далей. Мы ведаем заяўкі Пуціна пра расейскі свет і куды ён распаўсюджваецца.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя