“Вільня – гэта гістарычнае месца, адкуль містычным чынам і пачаліся беларускія пратэсты 2020 года, калі парэшткі Каліноўскага знайшлі ў 2019 годзе. І пасля пачаўся 2020 год”.

Сказаў намеснік камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук падчас сустрэчы з беларускай дыяспарай у Вільні 31 студзеня. Ён разам з кіраўніком Палка імя Кастуся Каліноўскага Дзянісам “Кітом” Прохаравым адказаў на шэраг пытанняў беларусаў Вільні і акрэсліў асноўныя мэты падобных сустрэч:

– Мы выязджалі, каб паразмаўляць і аддзячыць беларускай дыяспары за ўсю дапамогу, якую яна нам аказвае ўжо два гады. Толькі дзякуючы беларускаму народу, наша падраздзяленне паспяхова выконвае баявыя задачы ва Украіне.
Таксама мы б хацелі нагадаць, што вайна, на жаль, трывае, нам патрэбныя рэкруты, нам патрэбныя матэрыяльна-тэхнічныя сродкі, нам патрэбныя пікапы, дроны для таго, каб працягваць трымаць фронт.
І трэцяе пытанне – мы хочам засяродзіцца на стварэнні палітычнага прадстаўніцтва, без якога стратэгія вызвалення Беларусі да канца не спрацуе.
Прадстаўнікі Палка распавялі пра тое, што яны стварылі платформу “Шлях да волі”. У межах гэтай платформы створаная часовая вайсковая камісія, якая распрацоўвае падмурак для новай нацыянальнай арміі.
А ці гатовыя беларусы Вільні папоўніць шэрагі Палка, адказалі наведвальнікі імпрэзы:
– Я разумею карысць гэтага, але страшна, паміраць жа страшна. Жыццё даецца толькі адзін раз. Але верагодна, калі што-небудзь там рабіць, вось я праграміст, можа ў гэтым сэнсе я б мог бы дапамагаць. Гэта я магу.
– Калі паўстала б пытанне жыцця і смерці, што калі не возьмеш зброю ў рукі, то проста гэта будзе каштаваць табе жыцця, то, напэўна, пайшоў бы.
– На жаль, я да вайны не гатовая, ні маральна, ні фізічна.
Паводле “каліноўцаў”, вайна нікуды не дзелася, зараз цяжкія ўмовы, ёсць хваля стомленасці, але падтрымка беларусаў важная, як і раней. І калі не перамагчы Расею, то не будзе вольнай ні Украіна, ні Беларусь, а вайна можа перакінуцца на іншыя краіны Еўропы.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:


Беларускае Радыё Рацыя






