BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вадзім Мажэйка: Дыялог – патрэбны, але без Лукашэнкі

Мэта – не татальнае пакаранне, мэта – супольна жыць у новай, шчаслівай Беларусі.

Вадзім Мажэйка. Photo: Віялета Саўчыц / Violetta Savchits
Photo: Віялета Саўчыц / Violetta Savchits

Так кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка, каментуючы ініцыятыву Аб’яднанага пераходнага кабінета наконт правядзення нацыянальнага дыялогу для мірнага ўрэгулявання крызісу ў краіне. У заяве, апублікаванай Кабінетам, адзначаецца, што дзеля гэтага павінны быць выкананы дзве галоўныя ўмовы – спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітвязняў.

Вадзім Мажэйка дзеліцца сваім меркаваннем:

– Нацыянальны дыялог – гэта правільны, патрэбны шлях. Ясна, што для яго патрэбныя перадумовы, бо дыялог вядуць з тым, хто моцны, і хто, як любіць казаць прэзідэнт Трамп, мае карты на руках. Таму трэба гэтыя “карты” назапашваць, трэба быць моцным і ўплывовым. Але выкарыстоўваюць гэтыя моцы і ўплыў не на тое, каб нішчыць апанентаў, у тым ліку фізічна, а каб гэты дыялог наладжваць.

Пры гэтым круглы стол, які мае адбыцца ў перспектыве з удзелам усіх палітычных і грамадскіх сілаў, не прадугледжвае ўдзелу ў ім Аляксандра Лукашэнкі. Каментуе Вадзім Мажэйка:

– Мы бачылі ў прынцыпе ў 2020 годзе, што замест любога дыялогу Лукашэнка выбірае асабіста бегаць з аўтаматам. Так, для Лукашэнкі можа і няма добрага шляху, але ён ёсць шмат для каго іншага. Безумоўна, ёсць тыя, хто канкрэтна вінаваты ў злачынствах, але ёсць процьма чыноўнікаў, вайскоўцаў, тых, хто ў ніякіх канкрэтных злачынствах не замешаны, асабіста іх не рабіў, хто хацеў бы жыць у вольнай, бяспечнай Беларусі.

Варта дадаць, што прапанову дыялогу для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі падтрымала больш за 700 тысяч чалавек у 2021 годзе, якія прагаласавалі на платформе “Голас”.

Поўнасцю размову з Вадзімам Мажэйкам слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя.