BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вадзім Мажэйка: Яго вызваленне ўплывае на палітычнае поле

Ці вызваленне палітвязня Сяргея Ціханоўскага мяняе палітычны расклад ў апазіцыйнай дзейнасці за мяжой. Гэтае пытанне абмяркоўваем з экспертам. Менавіта за межамі – у Варшаве ды Вільні працуюць цэнтры беларускай дэмакратычнай палітыкі. Сяргей Ціханоўскі ўваходзіць у палітыку. Блогер і былы палітвязень на YouTube-канале «Краіны для жыцця» абвясціў пра збор каманды дзеля «дасягнення нашай галоўнай мэты – дэмакратыі ў Беларусі».

Наш госць – палітычны аналітык Вадзім Мажэйка, з ім абмяркавалі тэму.

РР: Ці змянілася апазіцыйнае палітычнае поле пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага?

Вадзім Мажэйка: Па-першае, гэта проста пазітыўная навіна. Кожнага радуе і надае натхненне. Нават калі нам здаецца, што нешта зусім немагчымае. Колькі разоў я чуў, што Лукашэнка ніколі Ціханоўскага не адпусціць, нават сама Святлана Ціханоўскага казала, што думала, што Сяргей выйдзе апошнім. Тым не менш бачым, што гэта магчыма. І гэта заўжды, я б сказаў, пазітыўная крыніца натхнення.

Па-другое, гэта сапраўды важны палітычны зрух. І тое, што астатнія выйшлі – гэта таксама добры палітычны сігнал, безумоўна ён не значыць, што лукашэнка стаў мяккім і пухнатым, але сам па сабе сігнал пазітыўны, яго важна чуць.

Што тычыцца самога ўплыву асабіста Сяргея на палітычнае поле, то таксама зараз бачу, што канструктыўна ўплывае, бо Сяргей сапраўды прыйшоў з такім натхненнем, прыйшоў абсалютна не зламаны сістэмай, як гэта бывае з людзьмі, якія правялі шмат гадоў у турме. Ён выйшаў фактычна з такім адчуваннем рэчаіснасці, якой было ў 2020 годзе. Пачуццё, якое ў нас было пасля 20-га, я б сказаў, было пабіта, пакрываўлена і вайной, і рэпрэсіямі, і шмат чым іншым, і нейкім там расчараваннем, выгараннем. Мы бачым, што Сяргей зараз усім гэтым не закрануты. Гэта цудоўна, што ён можа несці такую натхняльную энергію. Бачым, што ў яго ёсць запал шмат чаго рабіць.

І тут, канешне, дзве крайнасці. Бо з аднаго боку вельмі важна, каб мы самі не былі выгарыўшымі і не транслявалі свой песімізм на тых, хто яшчэ не выгарыў. І вельмі важна, каб не было такога, што людзі будуць проста хадзіць вакол Сяргея і казаць: ой, Сяргей, нічога не атрымаецца, ты што, усё сумна.

Разам з тым іншая крайнасць – гэта ігнараваць увесь той досвед, які быў за пяць год і думаць, што нічога не змянілася. Бо, канешне, і кантэкст іншы, і беларусы ў Беларусі іншыя. Ясна, што тут Сяргею таксама прыйдзецца трохі адаптавацца да гэтай рэчаіснасці, але сам гэты факт, што ён анансуе новыя свае ютуб-каналы, абяцае неяк моцна ўдарыць па рэжыму, нейкія новыя ініцыятывы запускаць. Здаецца, гэта тое, што мы апошнім часам няшмат бачылі на беларускай палітычнай сцэне, тое, чаго не хапала. І цудоўна, што Сяргей гэта прыносіць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя