
З сярэдзіны жніўня на волю з турмаў і калоній выйшла амаль два дзясяткі памілаваных палітзняволеных. Каментуе палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:
– Я чуў версію, што вызваленні адбываюцца ў тым ліку перад рознымі эвентамі ААН. У прыватнасці, перад асамблеяй у верасні. Адпаведна перад гэтай асамблеяй Менск быццам хоча лепей выглядаць. Варта цешыцца, што людзі выйшлі на волю, гэта вельмі важна. Разам з тым варта нагадаць, па дадзеных праваабаронцаў, за апошні месяц праз палітычныя суды прайшло больш за 130 чалавек.
Па словах аналітыка, Лукашэнка ніколі не памілуе сваіх апанентаў, але будзе выпускаць палітычных:
– Людзей да якіх у яго няма моцных асабістых крыўдаў, могуць выпусціць, калі для гэтага ў Менску будзе патрэба, калі ён пачне адчуваць, што іначай яму будзе горай, калі ўмовы для Менску стануць яшчэ горшымі. На жаль тыя, хто мае моцную палітычную вагу, як Ціханоўскі ці Калеснікава, Севярынец, Статкевіч, Бабарыка і гэтак далей, для гэтага патрэбна змена палітычнага становішча ў Беларусі.
Палітолаг упэўнены, што калі палітычныя апаненты Лукашэнкі змогуць выйсці на волю, то Лукашэнка перастане адчуваць сябе пераможцам і таму іх не выпускае.
Беларускае Радыё Рацыя






