BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вадзім Мажэйка: Палітычная сістэма ў Беларусі дэградавала

У нашым эфіры падсумоўваем галоўныя вынікі года. 26 студзеня 2025 года ў Беларусі прайшлі “прэзідэнцкія выбары”.

Чаму мы забыліся ўжо пра тыя выбары, кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:

-Тое, наколькі нязначную ролю адыгралі “выбары прэзідэнта” ў Беларусі дэманструе, наколькі дэградавала палітычная сістэма. Пытанне нават не ў тым, што яна не дэмакратычная, яна і раней пры Лукашэнку дэмакратычнай не была. А праблема ў тым, што яна ўвогуле згубіла рысы неяк кантралюемай таталітарнай сістэмы. Статысты граюць ролю кандыдатаў, якія кожны на свой лад хваляць Лукашэнку. Ніхто яго не крытыкуе. Увогуле гэтым выбарам няма веры ні ўнутры краіны, ні звонку. Іх не ўспрымаюць усур’ёз.

Першы вынік году, гэта тое, што пачаўся працэс выкідання палітвязняў з краіны. Я наўмысна не называю гэта вызваленнем, бо гэта проста замена адной рэпрэсіі – адвольнага зняволення – на іншую – прымусовую дэпартацыю. Тым ня менш, для значнай колькасці людзей гэта лепш, хоць далёка не для ўсіх… У кожным разе працэс гэты вельмі значны.

Другая тэндэнцыя, з гэтым звязаная, безумоўна, размарозка не проста беларускага заходняга вектара палітыкі, а і беларуска-амерыканскіх стасункаў. Фактычна найвышэйшая камунікацыя за шмат якія гады, не пабаюся сказаць дзесяцігоддзі, на вельмі высокім роўні звязаныя, канешне, не з нейкай зменай у Беларусі, а хутчэй з тым, як  змяніліся персаналіі і падыходы ў Вашынгтоне. Сапраўды, бачу, што палітыка Трампа дае тыя вынікі, якіх ён часткова дамагаецца. Паглядзім, ці яна дасць вынікі большыя, ці атрымаецца ад Беларусі нешта больш, чым проста вызваленне палітвязняў.  Бо відавочна, што для Амерыкі гэта ўсё ж такі інструментальная мэта, а не толькі адзінае, што Амерыку можа цікавіць.

Разам з гэтым трэцяя, на жаль, безумоўна сумная тэндэнцыя – гэта мілітарызацыя Беларусі, тое, наколькі Беларусь убудоўваецца ў расейскую сістэму абароны. І вытворчасць ракет, снарадаў, дронаў – гэта робіць Беларусь часткай расейскай вайсковай сілы ў Еўропе, у пэўным сэнсе аванпостам.  

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя