Беларускія палітычныя партыі, такія як Партыя БНФ, АГП, БСДП ды іншыя, адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах у Каардынацыйную Раду. Галоўны аргумент – пытанне бяспекі для былых чальцоў партый, што застаюцца ў Беларусі.
Сваё бачанне на гэту падзею выказвае палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:
– Мы бачым моцнае перафарматаванне беларускага палітычнага поля. На ім з’явіліся новыя гульцы. Так, старыя палітыкі спрабуюць сябе ў гэтым знайсці. Па шчырасці, мне ў прынцыпе досыць сумнеўна да канца зразумець, каго зараз гэтыя партыі ў выніку рэпрэзентуюць. Бо з аднаго боку ёсць быццам іх сябры ў Беларусі, а разам з тым гэтыя сябры досыць віртуальныя, бо арганізацыі ў Беларусі ліквідаваныя.
Па словах Вадзіма Мажэйкі, ён не ведае, чым вымяраецца ўплыў палітычных партыяў:
– Досыць цяжка праверыць. Увогуле людзі, якія сябе лічылі сябрамі АГП, БНФ ці каго заўгодна, у 2020 годзе і цяпер знаходзяцца ў Беларусі, колькі гэтыя людзі, па-першае, самі лічаць сябе сябрамі гэтых партый? І, па другое, чым гэта менавіта вымяраецца? Мы не можам бясконца казаць, што ўмоўна праз 10-15 год мы ўсё адно будзем лічыць, што спісачны склад партыі, які ён быў у 2020 годзе, так ён і замарожаны.
Выбары ў Каардынацыйную Раду адбудуцца ў траўні 2024 года.
Беларускае Радыё Рацыя