Спрабуюць закласці «пачатак стратэгічных кансультацый паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Украіны, таму што сітуацыя ў рэгіёне будзе мяняцца». Так афіцыйна кажуць пра першы планаваны візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў. Называецца дата, а гэта можа быць альбо канец лютага ці пачатак сакавіка.

Пытанняў паміж Украінай ды беларускай дэмакратычнай супольнасцю назбіралася, сустрэча лідараў дапаможа іх вырашыць, кажа палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:
– Яна мае ўвасобіцца ў афіцыйны візіт Ціханоўскай у Кіеў. Будзе паднятыя ўсе тыя пытанні, якія хвалююць і беларусаў ва Украіне – пытанні рэгіянальнай бяспекі, пытанні беларускіх добраахвотнікаў, узмацнення добраахвотніцкага руху, увогуле ўзмацнення кантактаў паміж беларусамі і ўкраінцамі, бо рэжым Лукашэнкі беларусаў не рэпрэзентуе. Выдатна, што зараз будзе больш чутна беларускага дэмакратычнага голаса ва Украіне.
Гэта важна не толькі для беларускага ды ўкраінскага народаў, які прэзентуюць два лідары, але і агулам для бяспекі ў рэгіёне, працягвае палітычны аналітык Вадзім Мажэйка:
– Галоўны інтарэс Крамля ў гэтым усім – гэта максімальна ўсіх нас паміж сабой перасварыць – беларусаў, украінцаў, літоўцаў, палякаў – усіх, хто з Расеяй мяжуе, усіх, каго Расея хацела б бачыць не як агульнага ўзмоцненага хаўрысніка, які абараняе сваю бяспеку і сваю незалежнасць, а хацела б бачыць, як аслабленыя, разрозненыя сілы, якія між сабой не каардынуюцца. І нам вельмі важна гэтаму супрацьстаяць і наладжваць кантакты.
Першая асабістая сустрэча Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага адбылася ў Вільні ў канцы студзеня. Тады ж прэзідэнт Украіны запрасіў беларускага палітыка наведаць Кіеў.
Як змянілася палітыка ў Кіеве адносна беларускіх дэмакратычных сілаў у матэрыяле далей:
Беларускае Радыё Рацыя






