Цэнтральная выбарчая камісія 29-га кастрычніка пачала рэгістраваць ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 года. Была зарэгістравана ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі. Ініцыятыўнай групе старшыні зліквідаванага ўладамі руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча было адмоўлена ў рэгістрацыі.

Электаральную кампанію-2025 абмяркуем з Госцем Рацыі – палітычным аналітыкам Вадзімам Мажэйкам.
РР: Прадказальна зарэгістравалі ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі і прадказальна не зарэгістравалі ініцыятыўную групу Юрася Губарэвіча. Літаральна ўчора ён расказваў у нашым эфіры пра тое, што як палітычны тролінг, ён вырашыў падаць свае дакументы, бо ён фізічна не мае ніякіх абмежаванняў, каб гэтыя дакументы не падаць. Аднак ЦВК сёння вырашыла, што Губарэвіч не будзе ўдзельнічаць у выбарах. А ўчора я яму нават перамогі пажадаў, але не будзе гэтай перамогі.
РР: Пакуль не атрымалася перамагчы ЦВК, але, што мне здаецца атрымалася, гэта прадэманстраваць, як у беларусаў крадуць выбарчае права. Бо выбарчае права бывае не толькі актыўнае і пасіўнае, гэта не толькі права прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць, але і права вылучацца. І тыя, хто фізічна знаходзіцца па-за межамі Беларусі, у іх усе гэтыя правы скрадзеныя. Я нагадаю, што грамадзянства, гэта не тое, што прывязана да фізічнага знаходжання ў краіне. І таму ўсе гэтыя абмежаванні выбарчых правоў беларусаў за мяжой, яны абсалютна адвольныя. Яны не адпавядаюць заканадаўчай сутнасці і міжнароднай практыцы. Адмова Губарэвічу вельмі добра кладзецца ў агульную стратэгію дэмсілаў галасаваць супраць усіх, хто крадзе нашыя галасы. Бо гэта не таму, што мы не спрабуем. Вось, Губарэвіч паспрабаваў зарэгістравацца, яму адмовілі. То бок, і актыўнае, і пасіўнае выбарчае права беларусаў парушаецца.
РР: Улады не прынялі рашэння больш дэмакратычна праводзіць гэтыя выбары, усё праводзіцца ў нейкіх савецкіх традыцыях.
Вадзім Мажэйка: Усё арганізавана пад аднаго чалавека, каб яму было зручненька. І сапраўды мы бачым, што тое, што ўлады называюць “выбарамі”, адрозніваецца ў значна горшы бок нават ад таго, што было раней. То бок, не будзе альтэрнатыўных, дэмакратычных кандыдатаў у бюлетэнях, не будзе тэледэбатаў, не будзе вулічных мітынгаў, акрамя як мітынгаў розных сартоў з “ябацек”. І нават па беларускіх стандартах гэта ні на што не цягне. Той факт, наколькі гэта ўсё фарсава, гэтая ініцыятыва Юрася Губарэвіча яшчэ раз прадэманстравала, што ў гэтым спектаклі Лукашэнкі няма месца для іншых гульцоў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя






