У беларускіх незалежных СМІ з’явілася нфармацыя пра тое, што незалежныя палітычныя партыі з Беларусі не будуць прымаць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду.

Гэту інфармацыю каментуе выконваючы абавязкі старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Я не магу адказваць за ўсё палітычныя партыі, але дакладна рашэнне пра ўдзел Партыя БНФ не прымала, на сённяшні дзень яго няма. Ёсць шмат пазіцый з гэтай нагоды, і наконт мэтазгоднасці і эфектыўнасці, і ўвогуле ўсяго працэсу, які зараз звязаны з рэформай Каардынацыйнай рады. Але паўтаруся, гэта не пазіцыя нібыта мы байкатуем, гэта адсутнасць пазіцыі пра ўдзел.
Беларуская дзяржава лічыць, што незалежныя партыі ліквідаваныя, аднак палітык не згодны з такім рашэннем:
– Партыя ліквідаваная на тэрыторыі Беларусі. Юрыдычна на тэрыторыі Беларусі структур партыі сапраўды не існуе. Але тыя тэзісы і каштоўнасці, якія мы транслявалі праз увесь перыяд існавання ў Беларусі, яны па-ранейшаму застаюцца.
Выбары ў Каардынацыйную раду мусяць прайсці напрыканцы траўня 2024 году і яны будуць адбывацца анлайн.
Беларускае Радыё Рацыя






