Настрой украінцаў мяняецца ў пазітыўны бок. Аднак пакуль не зразумела, як будуць развівацца падзеі на фронце і ці перамовы з расейскім бокам па-ранейшаму магчымыя. Сваімі разважаннямі на такую тэму падзяліўся наш сённяшні Госць Рацыі, украінскі псіхолаг, доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны Вадзім Васюцінскі.

РР: Як бы Вы маглі ахарактарызаваць сітуацыю ва Украіне і агульнапалітычную, і па настроях украінцаў таксама?
Вадзім Васюцінскі: Я думаю, што больш агульна можна сказаць, што прынцыпова нічога не змянілася. Але, можа, настроі крыху палепшыліся. Можна здзіўляцца, бо, з аднаго боку, на фронце расейцы павольна, але прасоўваюцца наперад. Праз дзень-два яны захопліваюць нейкую вёску пераважна. А з другога боку, як мне падаецца, аптымізм украінцаў крыху павялічыўся. Бо нам нарэшце далі гэтыя F-16, і цяпер такая ірацыянальная вера ў тое, што F-16 прыбылі і ўсё зменіцца на лепшае. Натуральна, гэта ілюзія, ілюзія, якую хоча масавая свядомасць. І вось яна яе атрымала. Што яшчэ дадало аптымізму – гэта, мабыць, сітуацыя ў ЗША, дзе Камала Харыс, якая нам падаецца большай прыхільніцай Украіны, чым Трамп, выглядае для нас, што яна атрымлівае нейкую перавагу над Трампам. І гэта дадало крыху спадзяванняў, што ўсё не так дрэнна, як гэта падавалася месяц таму.
РР: Ці выбары ў ЗША нейкім чынам паўплываюць на тое, што адбываецца ва Украіне? Ці менавіта сам дзень выбараў паўплывае ці сам працэс?
Вадзім Васюцінскі: Большасць украінцаў разумее, што калі б мы былі сам-насам з Расеяй, мы б не выйгралі гэтай вайны. І для нас вельмі важным з’яўляецца падтрымка Захаду, а перадусім, падтрымка ЗША. Без зброі мы не пераможам. І што важна, у нас досыць шмат інфармацыі пра тое, што расейцы маюць панічныя настроі і яны расчараваныя тым, што адбываецца ў Амерыцы. І таму гэта дадае нам надзеі, што сітуацыя можа змяніцца ў лепшы бок. Сама сітуацыя не мяняецца прынцыпова, а чаканні ад яе лепшыя – гэта з аднаго боку. З другога боку, настроі, што трэба пачынаць нейкія перамовы з Расеяй. З расейскага боку таксама ёсць шмат такіх чаканняў. Але толькі павярхоўна можна сказаць, што расейскія і ўкраінскія настроі падобныя. Насамрэч, не. Расейцы хочуць, каб Украіна супакоілася, каб частка яе тэрыторый засталася ў Расеі. А ўкраінцы, натуральна, хочуць, каб расейцы сышлі з гэтых тэрыторый і далі магчымасць аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць. Таму я думаю, што тут нейкіх аб’ектыўных падстаў для перамоў няма. Але вайна ўсіх стаміла, натуральна. І абсалютная большасць людзей хоча міру. Таму можна думаць, што такія настроі ў нас павялічыліся. І ёсць думка, што сітуацыя на фронце для нас не пагоршылася. Але яна павольна пагаршаецца ў тыле. Бо людзі не хочуць, каб вайна працягвалася. І, натуральна, пытанне мабілізацыі і так далей.
Паўнамаштабная вайна ва Украіне цягнецца звыш 900 дзён. Украінскія войскі наступаюць на Курскую вобласць Расеі, аднак украінскі бок амаль нічога не каментуе.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя