BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Вельмі важна тое, што зробіць Трамп і ягоная каманда”

Сарваныя перамовы па рэдказямельных рэсурсах – гэта спосаб уплыву на грамадскую думку не на карысць украінцаў, – сваімі разважаннямі пра перамоўны працэс пра лёс Украіны падзяліўся наш сённяшні Госць Рацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны Вадзім Васюцінскі.

Фота з адкрытых крыніц

РР: Наколькі слова перамовы адлюстроўвае сітуацыю рэальную ва Украіне?

Вадзім Васюцінскі: Перамовы – гэта можа толькі нейкая форма, праз якую людзі глядзяць на тое, што адбываецца. Натуральна, што сёння ўсе гутараць толькі пра адзіныя перамовы Зяленскага з Трампам. І калі вы пытаецеся пра перамовы з Расеяй, дык у нас пераважаў песімізм. Таму што відавочнай была падтрымка Трампам Расеі, ягоная вельмі дзіўная любоў да Пуціна. І ў гэтай сітуацыі ў магчымых перамовх Украіны з Расеяй, Украіна была ў вельмі слабой пазіцыі. Вось мабыць гэта была адна з мэтаў Зяленскага, каб схіліць ЗША на бок Украіны. Але не ўдалося. Таму перамовы з Расеяй – гэта адно. Перамовы з Амерыкай – нешта другое. Але пакуль што і ў першым, і ў другім выпадку мы вельмі далёкія ад нейкіх дасягненняў і ўвогуле, на маю думку, пакуль нічога зразумелага сказаць нельга.

РР: Як Вы думаеце, самі ўкраінцы хацелі б перамоваў ці працягу баявых дзеянняў?

Вадзім Васюцінскі: Натуральна, перадусім хочуць міру, дасягнення нейкага міру, прынамсі, такога часовага, каб не было баявых дзеянняў. Але адразу затым ідзе наступнае пытанне: на якіх умовах? І вось тут ўсё пачынаецца. Расейцы таксама хочуць, каб ужо ніхто не страляў, але на якіх умовах? Вось яны маюць свае ўмовы, зусім непрымальныя для Украіны. Украіна мае свае ўмовы, выглядае, зусім непрымальныя для расейцаў. Таму тут месца для нейкага кампрамісу, які б прывёў, прынамсі, да часовага міру, амаль што няма. Вось тут, мабыць, патрэбны быў бы нейкі пасярэднік, можа Амерыка, але не ўдаецца. Мы разумеем, што Амерыцы ўсё роўна, дзе будзе праходзіць нейкая мяжа, хто пераможа, хто не. Для іх галоўнае, каб ніхто не страляў, і каб можна было зарабіць як найбольш грошай. Для ўкраінцаў гэта нашмат больш прынцыповае пытанне. І таму можна сказаць, што грамадская думка ва Украіне дваістая. З аднаго боку – хочам міру, з другога боку – хочам перамогі. Большасць украінцаў не можа і не хоча ацэньваць гэтую сітуацыю зусім рацыянальна. Нейкае чорна-белае ўспрыманне сітуацыі, якое аб’ядноўваецца ў адным ментальным комплексе, як гэта павінна быць. Крыху падлеткавы комплекс – няхай будзе мір, але толькі такі, якога хочам мы. А калі не такі, то тады не.  

РР: На каго ці на што застаецца спадзявацца ўкраінцам?

Вадзім Васюцінскі: Вельмі важна тое, што зробіць Трамп і ягоная каманда. Верагодна, што яны не вельмі хацелі падтрымліваць Украіну, хаця для амерыканскай грамадскай думкі іх пазіцыя была не вельмі шляхетная, бо большасць амерыканцаў падтрымлівае Украіну і лічыць агрэсарам Расею. На гэтым тле Трамп не мог цалкам стаць на бок Расеі. А цяпер фактычна Зяленскі даў яму нейкі пас. І цяпер Трамп можа сказаць, вось, глядзіце, як ён нас абразіў. І чаму мы павінны яго падтрымліваць? Вось гэта можа самая небяспечная сітуацыя. Але можна спадзявацца, што можа Трамп і ягоная каманда не пойдуць так далёка ў змене сваіх агульных палітычных арыентацый на карысць Расеі. Гэта першае. І другое, бачым, што ў еўрапейскіх краінах паводзіны Зяленскага выклікалі пераважна сімпатыю. Нехта мусіў сказаць гэтай амерыканскай уладзе, чым яна з’яўляецца. Можа і так. І ўжо шмат еўрапейскіх лідараў заявілі, што будуць падтрымліваць Украіну. Гэта вельмі добра, але дапамога ад Еўропы і ад Амерыкі прыблізна аднолькавая. Калі Амерыка зусім перастане падтрымліваць, ці гатовыя краіны Еўропы ў два разы павялічыць сваю дапамогу Украіне? Вельмі-вельмі сумняваюся ў гэтым. Таму гэта будзе таксама нейкі эмацыйны парыў на некалькі дзён, але потым павінны быць нейкія справы. Тут прапорцыя, што будзе на карысць Украіне, што будзе ёй на шкоду сёння не зразумела. І гэта самая важаня дэталь у гэтай сітуацыі.

Велікабрытанія, Францыя і Украіна рыхтуюць мірны план пасля няўдалага візата Уладзіміра Зяленскага ў ЗША. У той жа час віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, што Злучаныя Штаты вернуцца да перамоваў з Украінай, калі ўкраінскі прэзідэнт зробіць сур’ёзную прапанову па мірным ўрэгуляванні ваеннага канфлікту.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя