
фота ілюстрацыйнае
Беларускі палітык Зянон Пазьняк прааналізаваў сутнасць параду, які адбыўся ў Менску 3 ліпеня на так званы “Дзень незалежнасці”. У сваім акаўнце на фэйсбуку ён піша:
“У час вайны (мне здаецца) самай кепскай памылкай ёсьць недаацэнка праціўніка і (як вынік гэтага) блуканьне ў сваіх уяўленьнях пра яго нікчэмнасьць.
Тое, што я кажу адносіцца ня толькі да Пуціна і да рашысцкага рэжыму, але і да Лукашэнкі. На такія думкі мяне наводзіць зладжаная, відовішчная і востра палітычна матываваная арганізацыя ваеннага параду сёньня ў горадзе Менску, які я толькі што праглядзеў ад пачатку да канца.
На парадзе пампезным і з размахам арганізаваным была створана ілюзія Савецкага Саюза. І гледзячы па тысячах камэнтароў, напісаных амаль выключна расейцамі і пажылымі людзьмі з тэрыторыяў усяго былога СССР, – усе расейцы і ўсе “савецкія” гэта добра адчулі. Захапленьне парадам і Лукашэнкам выказана на ўзроўні экстазу і яно агулам рэальнае (гэта зн. выказанае рэальнымі людзьмі), няглэдзячы, вядома, на каласальную працу так званых “ботафермаў” і “нябачных” прапагандыстаў.
Па маскоўскіх імпэрскіх паняцьцях такі парад мог праводзіцца толькі ў Маскве. У Менску на парадзе маршыравалі вайсковыя аддзелы з усіх краінаў былога СССР (акрамя балтыйскіх і Украіны), былі сьцягі СССР, савецкая рыторыка, савецкія маршы, савецкая музыка і сімволіка. Усё ўспрымалася як рэінкарнацыя Савецкага Саюза.
Былі прадстаўлены (і ў вялікіх колькасьцях) усе роды войскаў, ваенных вучэльняў, ваенных частак, і ваенізаваных ўстановаў (нават імітацыя партызанаў). Прадэманстравана (і ў вялікіх колькасяцях) уся ваеннная тэхніка, узбраеньне і авіяцыя. Словам, на саўковага абывацеля абрушылі эмацыйны ўдар і прадэманстравалі ролю рэжыму і асобы Лукашэнкі як трымальніка агульнасавецкіх традыцыяў, абаронцы СССР і зьяднальніка ўсіх славанаў, супраць варожага Захаду.
Менавіта пра гэта апантана лямантуюць у камэнтарах тысячы расейцаў з былах савецкіх прастораў, найбльш з Расеі. А гэта ўдар пад дых Пуціну. Пакушэньне на ягоны гегеманізм. Забяганьне наперад Маскве.
Цікавая зьява. Яна, дарэчы, супадае з амністыяй і выпушчэньнем з турмы некалькіх небясьпечна хворых палітвязьняў (якія маглі б памерці за кратамі). Падзеі паказваюць, што як адзін, так і другі узурпатар, нават апынуўшыся, як ўюн на гарачай патэльні, будуць круціцца да канца, каб захавацца і разам, і паасобку за кошт “саюзьніка”. Савецкі парад таксама сьведчыць, што былыя фантазіі пакіраваць імпэрыяй ня зьніклі ва ўзбуджанай душы Лукашэнкі і нават схільныя спакусіцца рэальнасьцю, якая непрадказальная”.






